4 Прыпавесьуь пра загінутыя авечкі. 8 Драхмы. 11 Прыпавесьуь пра блуднага сына.
1 Прыхіляліся да Яго ўсе мытнікі й грэшнікі, каб паслухаць Яго.
2 Фарысеі-ж і кніжнікі абгаворвалі Яго, кажучы: — Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.
3 І сказаў ім Ісус гэткую прыпавесьць:
4 Ці-ж каторы чалавек з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзясят дзевяць у пустыні й ня пойдзе шукаць загінутую, пакуль ня знойдзе яе?
5 А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю.
6 І прыйшоўшы дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: — пацешцеся са мною — я знайшоў маю загінутую авечку.
7 Кажу-ж вам: гэтак у небе — больш радасьці будзе з аднаго пакаянага грэшніка, ніж з дзевяцьдзесят дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні.
8 Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць сьвятла й ня стане вымятаць сваю хату, рупна шукаючы, пакуль ня знойдзе?
9 І знайшоўшы, скліча прыяцеляк сваіх і суседак, і скажа: — цешцеся са мною, бо я знайшла драхму загубленую.
10 Гэтак, кажу вам, — бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка пакаянага.
11 Яшчэ сказаў: — у аднаго чалавека былі два сыны.
12 І сказаў малодшы з іх айцу: — войча! дай мне належную частку маемасьці; і айцец падзяліў ім маемасьць.
13 Па колькіх днёх малодшы сын, забраўшы ўсё сваё, адыйшоў у дальнюю краіну, і там жывучы распусна, растраціў усю маемасьць сваю.
14 Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у краіне тэй, і ён пачаў гібець.
15 І пайшоўшы, прыстаў да аднаго жыхара тэй краіны, які паслаў яго на сваё поле пасьвіць сьвіньні.
16 І ён рады быў-бы пад'есьці карнявіцы, што елі сьвіньні, але й гэтага не давалі яму.
17 І, прыйшоўшы да сябе, сказаў: — колькі наймітаў у айца майго збыткуюцца хлебам, а я тут дайходжу з голаду!
18 Устану й пайду да айца майго й скажу яму: войча! зграшыў я прад небам і прад табою;
19 І ўжо недастойны называцца сынам тваім, але прымі мяне за аднаго з наймітаў тваіх.
20 І ўстаўшы, пайшоў да айца свайго; яшчэ здалёк убачыў яго айцец і зьлітаваўся над ім, і падбегшы, паў на шыю яму й цалаваў яго.
21 Сын-жа сказаў яму: — войча! зграшыў я прад небам і прад табою, і ўжо недастойны называцца сынам тваім.
22 Але айцец сказаў слугам сваім: — прынясеце хутчэй найлепшае адзеньне й адзеньце яго, і дайце персьцень на руку яго й абутак на ногі;
23 І прывядзеце кормнага падцёлка й забеце, будзем есьці й весяліцца.
24 Бо сын мой гэты быў умершы й ажыў, быў загінуты й знайшоўся; і пачалі весяліцца.
25 Старэйшы-ж сын ягоны быў на полі, і ён варачаўся й падыйходзіў дадому, пачуў сьпевы й скокі.
26 Тады, падклікаўшы аднаго слугу, спытаўся, што гэта такое.
27 Той-жа сказаў яму: — брат твой прыйшоў, і айцец твой забіў кормнага падцёлка, бо спаткаў яго здаровым.
28 І ён узлаваўся й не хацеў увайсьці; айцец-жа, выйшаўшы, клікаў яго.
29 Але ён у адказ айцу сказаў: вось, я колькі гадоў служу табе, і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім; але ты ніколі й казьляняці ня даў мне, каб павесяліцца з сябрамі маімі.
30 А калі гэты сын твой прыйшоў, распусьціўшы маемасьць тваю з блудніцамі, ты забіў для яго кормнага падцёлка.
31 Айцец-жа сказаў яму: — сыне! ты заўсёды пры мне, і ўсё маё тваім будзе.
32 А з таго трэба цешыцца й радавацца, што гэты брат твой быў умершы й ажыў, быў загінуў і знайшоўся.
Каментары ці зноскі:
3 І сказаў ім Ісус гэткую — ці — Ён-жа сказаў ім гэткую.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Лукаша, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.