Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Лукаша 24 Паводле Лукаша 24 разьдзел

1 Жанчыны прыйшлі намасьціць Ісуса. 4 Два ангелы. 13 Два вучні падарозе ў Эммаус. 31 Ісус нявідомы быў. 32 Гарэньне сэрца. 36 Ісус стаў сярод вучняў, кажучы: — мір вам. 45 Адчыняе розум вучням. 49 Абяцаньне Духа Сьвятога. 51 Ісус узьнесься на неба.
1 У першы-ж дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя духмянасьці, яны прыйшлі да гробу, і з імі і некаторыя іншыя.
2 І ўбачылі камень адвалены ад гробу.
3 А увайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
4 Калі-ж яны ў падзіўленьні ня цямілі, што сталася, вось два мужы ў зіхатлівым адзеньні сталі прад імі.
5 І калі яны ў страху нахілілі абліччы свае да зямлі, прамовілі ім: — што вы шукаеце жывога між памершымі?
6 Яго няма тут, Ён уваскрос; успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, —
7 Кажучы, што Сыну Чалавечаму прызначана выданым быць у рукі людзей грэшных, і быць укрыжаванаму і на трэйці дзень уваскроснуць.
8 І успомнілі яны словы Ягоныя.
9 Тады, вярнуўшыся ад гробу, апавесьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім іншым.
10 Былі-ж эта — Марыя Магдалена і Йанна, і Марыя Якубава, а з імі іншыя, якія гаварылі апосталам пра ўсё тое.
11 Але тым паказаліся словы іхныя трызьненьнем, і не паверылі ім.
12 Пётра-ж, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, убачыў толькі ляжачыя пялёны, і пайшоў назад, дзівуючыся з таго, што сталася.
13 У той-жа дзень двое з іх ішлі ў паселішча Эммаус, адлегкае ад Ерусаліму на шэсьцьдзясят стадыяў.
14 І размаўлялі між сабою пра падзеі, якія адбыліся.
15 І сталася, калі яны разважалі, распытваючы адзін аднаго, Сам Ісус, зблізіўшыся, пайшоў з імі.
16 Але вочы іхныя былі заслоненыя, каб не маглі пазнаць Яго.
17 І Ён сказаў ім: — пра што гэта вы ідучы разважалі між сабою, і чаму засмучоныя?
18 І адзін з іх, на імя Кляопа, у адказ Яму сказаў: — няўжо ты, адзін з прыбылых у Ерусалім, ня ведаеш, што ў ім сталася ў гэтыя дні?
19 І кажа ім: — а што? — і яны расказалі Яму, што сталася з Ісусам Назаранінам, вялікім прарокам, магутным у чыне і слове прад Богам і прад усімі людзьмі.
20 Як прадалі Яго архісьвятары і начальнікі нашыя асуджэньню на сьмерць, і ўкрыжавалі Яго.
21 Мы-ж спадзяваліся, што Ён Той, Хто павінен выбавіць Ізраіля; а па-за гэтым, вось ужо трэйці дзень, як тое сталася.
22 А прытым некаторыя жанчыны нашыя ўстрывожылі нас; яны былі ля гробу на сьвітаньні.
23 І не знайшлі Цела Ягонага; а прыйшоўшы гаварылі, што бачылі яву Ангелаў, якія сказалі, што Ён жывы.
24 Хадзілі-ж некаторыя нашыя да гробу і знайшлі так, як і жанчыны гаварылі; але Яго ня бачылі.
25 Тады Ён сказаў ім: — о, бязмысныя і тупыя сэрцам, каб паверыць усяму таму, што гаварылі прарокі!
26 Ці-ж ня гэтак належала адцярпець Хрысту і ўвайсьці у Славу Сваю?
27 І пачаўшы ад Майсея, і з усіх прарокаў выясьняў ім усё сказанае ў Пісаньні.
28 Калі-ж яны зблізіліся да таго паселішча, у якое ішлі, Ён намерваўся йсьці далей.
29 Але яны ўстрымлівалі Яго, кажучы: — застанься з намі, бо ўжо вечарэе, дзень на зыходзе; і Ён увайшоў з імі супачыць.
30 І сталася, калі быў за сталом з імі, узяў хлеб, дабрасловіў, пераламаў і даў ім.
31 Тады адкрыліся вочы іхныя, і пазналі Яго, але Ён стаўся нявідомы для іх.
32 Яны-ж пачалі гаварыць адзін аднаму: — ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў з намі ў дарозе, і калі выясьняў Пісаньне.
33 І, устаўшы, у тую-ж часіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі сабраных разам адзінццацёх ды іншых, каторыя былі з імі.
34 І расказвалі, што Госпад запраўды ўстаў і зьявіўся Сыману.
35 Тады і яны расказалі, што здарылася ім у дарозе, і як пазналі Яго пры паламаньні хлеба.
36 Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: — Мір вам!
37 Яны, сумеўшыся, у страху думалі, што бачаць духа.
38 І сказаў ім: — чаго сумляваецеся? і чаму такія помыслы ўвайходзяць у сэрцы вашыя?
39 Глядзеце на рукі і ногі Мае — гэта Я Сам; дакранайцеся да Мяне і разгледзьце: дух-жа цела і касьцей ня мае, а Я, бачыце, маю.
40 І сказаўшы гэта, паказаў ім пукі і ногі.
41 Калі-ж з радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, сказаў ім: — ці маеце тут чаго-небудзь да яды?
42 Яны падалі Яму частку печанае рыбы і сотавага мёду.
43 І ўзяўшы, еў перад імі.
44 І сказаў ім: — вось тое, пра што Я гаварыў вам, як быў яшчэ з вамі: што павінна споўніцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсеевым, і ў прарокаў і ў псальмах.
45 Тады адкрыў ім розум дзеля ўразуменьня Пісаньня.
46 І сказаў ім: — гэтак напісана і гэтак належала адцярпець Хрысту і ўваскроснуць з мертвых на трэйці дзень.
47 Пакаяньне-ж і адпушчэньне грахоў мае быць абвешчана ў Імя Яго ўсім народам, пачаўшы з Ерусаліму.
48 Вы-ж самі сьветкі гэтаму.
49 Вось Я пашлю абяцаньне Айца Майго на вас; вы-ж аставайцеся у месьце Ерусаліме, дакуль ня будзеце ахіненыя сілаю з узвыш.
50 І вывеў іх з места да Віфаніі, і ўзьняўшы рукі Свае, дабрасловіў іх.
51 І сталася, як дабрасловіў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52 Яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерусалім у вялікай радасьці.
53 І былі заўсёды ў храме, услаўляючы і сьвятасловячы Бога. Амін.

Каментары ці зноскі:

12 дзівуючыся — ці — падзіўляючыся.
13 Эммаус — ці — званае Эммаус.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Лукаша, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.