Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Лукаша 8 Паводле Лукаша 8 разьдзел

2 Жоны прыслугоўваюць Ісусу. 4 Прыпавесьць пра сяўбіта. 16 Сьветач на падсьвечніку. 19 Маці й браты Хрыстовыя. 22 Хрыстос запыняе буру й хвалі водныя. 26 Апанаваны злыдухам у краіне Гадарынскай. 32 Сьвіньне гадарынаў. 41 Дачка Іаіра. 43 Жанчына крывяцечная. 52 Сьмерць — сон.
1 Было-ж пасьля таго, — прайходзіў Ён праз месты й селы, прапаведваючы й дабравесьцячы Ўладарства Божае, і з Ім дванаццацёх.
2 І некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злыдухаў і нядугаў: Марыя, званая Магдаленай, вызваленая ад сямі нячыстых;
3 І Йанна, жана Хузы, домаправіцеля Ірадавага, і Сузанна й шмат іншых, якія прыслугоўвалі Яму сваімі пажыткамі.
4 Калі-ж сабралася вялікая грамада народу, і людзі з усёх местаў зыйходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыпавесьцяй.
5 Выйшаў сяўбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, некаторае ўпала скрай дарогі й патаптана было, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
6 Іншае трапіла на камяністы грунт і, узыйшоўшы, засохла, бо не ставала вільгаці.
7 Іншае-ж упала між цярніны, і вырасла цярніна й заглушыла яго.
8 Каторае-ж упала ў добрую зямлю, узыйшоўшы, урадзіла ў стокроць; і сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе!
9 Вучні-ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: — што азначае прыпавесьць гэтая?
10 І Ён сказаў ім: — вам дадзена пазнаць тайніцы Ўладарства Божага, а іншым у прыпавесьцях, якія, глядзячы, ня бачаць, і слухаючы не разумеюць.
11 Вось што азначае прыпавесць гэтая: насеньне — гэта Слова Божае.
12 І каторае пры дарозе, — гэта тыя, якія слухаюць, але потым прыйходзіць д'ябал і выносіць слова з іхняга сэрца, каб не паверыўшы, ня былі збавёныя.
13 А што на камені, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прыймаюць яго з радасьцяй, але ня маюць грунту пад сабою, і вераць часова, а ў час спакусы адпадаюць.
14 А што ўпала ў цярніну, гэта тыя, якія слухаюць, але адыйшоўшы, заглушаюцца жыцьцёвымі турботамі, багацьцем і ўцехамі, і ня прыносяць плёну.
15 Каторае-ж упала на добры грунт, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў добрым і чыстым сэрцы, і прыносяць плён у цярплівасьці; сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
16 Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, ці ня ставіць яе пад ложак, але ставіць на падсьвечнік, каб уваходзячы бачылі сьвятло.
17 Бо няма нічога тайнага, каб ня выявілася, ані сукрытага, каб ня выкрылася й ня стала ведамым.
18 Дзеля таго, уважайце, як слухаеце: бо хто мае, таму дададзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што думае мець.
19 І прышлі да Яго Маці й браты Яго, але не маглі падыйсьці да Яго з-за народу.
20 Тады паведамілі Яго, кажучы: — Маці Твая й браты Твае стаяць на дварэ — хочуць бачыць Цябе.
21 Але Ён у адказ сказаў ім: — Маці Мая й браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць Слова Божае й выпаўняюць яго.
22 І сталася аднаго дня: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі, і сказаў ім: пераплывём на той бок возера; і паплылі.
23 І калі яны плылі, Ён заснуў, а на возеры ўсхадзілася бура, іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
24 Тады, падыйшоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Вучыцелю, Вучыцелю! загібаем; Ён-жа, устаўшы, забараніў ветру й хвалям водным — і ўсё ўляглося, і стала ціша.
25 Тады сказаў ім: — дзе вера вашая? яны-ж у страху й падзіўленьні гаварылі адзін аднаму: — Хто ж Ён, калі й ветрам і вадзе загадвае.
26 І прыплылі ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
27 Калі Ён выйшаў з лодкі на бераг, спаткаў Яго адзін чалавек з места, які праз доўгі час апанаваны быў злыдухам, і хадзіў не адзеўшыся, і жыў ня ў доме, але ў грабоўцах.
28 Убачыўшы Ісуса, ён закрычаў, упаў прад Ім, і гучным голасам сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? малю Цябе, ня муч мяне.
29 Бо Ісус загадаў злыдуху выйсьці з гэтага чалавека, таму што праздоўгі час мучыў яго; і яго вязалі ланцугамі й накладалі кайданы, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
30 І папытаў у яго Ісус: — як тваё імя? ён-жа адказаў — Легіён, бо шмат злыдухаў увайшло ў яго.
31 І прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў прадоньне.
32 Тут-жа на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней, і злыдухі прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і Ён дазволіў.
33 Тады злыдухі выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньні, і рынуўся увесь гурт з кручы ў возера й затануў.
34 Пастухі пабачыўшы, што сталася, разбегліся й расказалі ў месьце й сёлах.
35 І павыйходзілі людзі пабачыць, што здарылася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, з якога выйшлі злыдухі; ён сядзеў ля ног Ісусавых, адзеты, і пры сваім розуме, — і яны жахнуліся.
36 Тыя-ж, якія бачылі, расказалі ім, як быў ацалены апанаваны злыдухам.
37 І прасіў Яго ўвесь народ тэй Гадарынскай ваколіцы адыйсьці ад іх, бо яны былі ахоплены вялікім страхам; Ён увайшоў у лодку й вярнуўся.
38 А чалавек, з якога выйшлі нячыстыя, прасіў Яго, каб астацца з Ім; але Ісус адпусьціў яго, кажучы:
39 — Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог; ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім месьце, што стварыў яму Ісус.
40 І сталася, калі вярнуўся Ісус, народ вітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек, на імя Іаір, — быў-жа ён начальнікам сынагогі — і ўпаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом да яго.
42 Бо ў яго была адзіная дачка, дванаццацілетняя, і была яна пры сьмерці; калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.
43 І вось жанчына, якая з дванаццацёх гадоў цярпела ад крывяцечы й аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, і ад ніводнага не дастала вылячэньня,
44 Падышоўшы ззаду, дакранулася да краю адзеньня Ягонага, і зараз-жа цеча крывяцеча ў яе спынілася.
45 І сказаў Ісус: — хто дакрануўся да Мяне? калі-ж усе адмаўляліся, сказаў Пётра ды іншыя з ім: Вучыцель! народ акружае й націскае на Цябе, — і Ты гаварыш, хто дакрануўся да Мяне?
46 Але Ісус сказаў: — нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як зыйшла ад Мяне сіла.
47 І жанчына, абачыўшы, што яна ня ўтоіцца, у трывозе падыйшла, і ўпаўшы прад Ім, абвесьціла прад усімі народам, з якой прычыны дакранулася да Яго і як ураз-жа аздаравела.
48 Ён-жа сказаў ёй: — бадзёрся, дачка! вера твая выбавіла цябе.
49 І калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыйходзіць хтось з дому начальніка сынагогі й кажа яму: — дачка твая памерла, ня турбуй Вучыцеля.
50 Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: — ня бойся, толькі вер, і збавёная будзе.
51 Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна й Якуба, і бацькі й маці юначкі.
52 Усе плакалі й галасілі па ёй; але Ён сказаў: — ня плачце, яна не памерла, але сьпіць.
53 І сьмяяліся з Яго ў зьнявазе, бо ведалі, што памерла.
54 Ён-жа, выслаўшы ўсіх вонкі, узяў яе за руку і ўсклікнуў, прамоўвіўшы: дзяўчынка, ўстань.
55 І вярнуўся дух яе і ўраз-жа ўстала, і Ён вялеў даць ёй есьці.
56 І ў вялікім подзіве былі бацькі яе; Ён-жа сказаў ім не гаварыць, што сталася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Лукаша, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.