Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна 14 Паводле Яна 14 разьдзел

2 У доме Айца Нябеснага сьвятліц многа. 6 Ісус — шлях, праўда і жыцьцё. 16 Уцешыцель, Дух Праўды. 23 Хто любіць Ісуса, словы Яго выконвае. 26 Успамога Духа Уцешыцеля. 27 Мір Хрыстовы пакінуты нам.
1 Няхай ня трывожыцца сэрца вашае; верце ў Бога і ў Мяне верце.
2 У доме Айца Майго сьвятліцаў шмат, калі-б ня было так, Я сказаў-бы вам: — іду прыгатаваць вам месца.
3 І калі пайду і прыгатую месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб там, дзе Я, былі і вы.
4 Куды Я йду, ведаеце, і дарогу ведаеце.
5 Прамовіў да Яго Хама: — Госпадзе! ня ведаем, куды йдзеш; як-жа можам дарогу знаць?
6 Ісус сказаў яму: — Я ёсьць дарога, і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыйходзіць да Айца, але толькі праз Мяне.
7 Калі-б вы пазналі Мяне, пазналі-б і Айца Майго, і ад гэтага часу ведаеце Яго, і бачылі Яго.
8 Піліп сказаў Яму: — Госпадзе! пакажы нам Айца, і даволі з нас.
9 Ісус сказаў яму: — столькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Піліпе? бачыўшы Мяне, бачыў і Айца; як-жа ты гаварыш — пакажы нам Айца?
10 Ці-ж ня верыш, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне? Словы якія гавару Я вам, не ад Сябе гавару; Айцец бытуе ўва Мне, і Ён творыць учынкі.
11 Верце Мне, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне. Калі-ж ня так, дык верце Мне подля самых учынкаў.
12 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто верыць у Мяне, будзе тварыць учынкі, якія і Я твару, ды й большыя за тых створыць, бо Я да Айца Майго йду.
13 І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Мае, тое учыню, каб праславіўся Айцец у Сыне.
14 І калі чаго папросіце ў імя Маё, тое учыню.
15 Калі любіце Мяне, выконвайце запаветы Мае.
16 І Я ўпрашу Айца, і дасьць вам другога Ўцешыцеля, Які будзе з вамі павек.
17 — Духа Праўды, — Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня знае Яго; вы-ж знаеце Яго, бо ў вас Ён ёсьць, і з вамі будзе.
18 Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас.
19 Яшчэ нядоўга, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
20 У той дзень пазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, а вы ўва Мне, і Я ў вас.
21 Хто памятае запаветы Мае і трымаецца іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, таго будзе любіць і Айцец Мой, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
22 І гаворыць Яму Юда, але не Іскарыёт: — Госпадзе! чаму Ты хочаш аб'явіцца нам, а ня сьвету?
23 Адказаў яму Ісус, прамовіўшы: — хто любіць Мяне, той зьберажэ слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго, і сядзібу заложым у яго.
24 Хто-ж ня любіць Мяне, ня зьберагае слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, не Маё, але Айца Майго, Хто паслаў Мяне.
25 Гэтае сказаў Я вам, калі яшчэ з вамі.
26 А Ўцешыцель, Дух Сьвяты, Яго-ж пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас да ўсяго і напомніць вам пра ўсё, што гаварыў Я вам.
27 Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не ўпадае ў страх.
28 Вы чулі, як казаў Я вам: — адыйходжу ад вас, і прыйду да вас; калі-б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся-б, што Я сказаў — іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
29 І цяпер сказаў Я вам пра тое перад тым, як сталася, каб вы паверылі, калі станецца.
30 Ужо нядоўга Мне гаварыць з вамі, бо йдзе князь сьвету гэтага, і ўва Мне ня мае нічога.
31 Але няхай сьвет знае, што Я люблю Айца, і як запавядаў Мне Айцец, гэтак твару; устаньце, пойдзем адгэтуль.

Каментары ці зноскі:

1 ня трывожыца — ці — не засмучаецца.
11 калі-ж ня так — ці — альбо йначай.
19 нядоўга — ці — ня шмат.
19 а вы — ці — вы-ж.
28 большы — ці — вялікшы.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Яна, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.