1 Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу.
2 Госпадзе, у абурэньні Тваім не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
3 Бо стрэлы Твае працялі мяне, і Ты паклаў на мяне руку Тваю.
4 Няма здаровага месца на целе маім з прычыны гневу Твайго, няма супакою касьцям маім з прычыны грахоў маіх.
5 Бо беззаконьні мае перавысілі галаву маю, быццам важкі груз, абцяжарылі мяне.
6 Пратухлі і загнілі раны мае з-за нярозуму майго.
7 Я згібеў і сагнуўся зусім, увесь дзень сумны хадзіў.
8 Бо сьцёгны мае напоўніліся глумам, і няма здаровага месца на целе маім.
9 Я быў прыгноблены і паніжаны надзвычайна, роў ад стогну сэрца майго.
10 Госпадзе, перад Табою ўсё маё жаданьне, і стогн мой ад Цябе ня ўтоены.
11 Сэрца маё ўстрывожылася, сіла мая пакінула мяне, а сьвятло вачэй маіх — і яго ня стала ўва мне.
12 Сябры мае і бліжнія мае наблізіліся і сталі перада мною, а найбліжэйшыя мае сталі здалёку.
13 І тыя, што шукалі душы маёй, цясьніліся, а тыя, што жадалі мне зла, гаварылі марнае і ўвесь дзень абмяркоўвалі подступы.
14 А я, быццам глухі, ня чуў і, як нямы, не расчыняў вуснаў маіх.
15 І стаў я як чалавек, які ня чуе і ня мае апраўданьняў у вуснах сваіх.
16 Бо на Цябе, Госпадзе, спадзяваўся я: Ты, Госпадзе, Божа мой, пачуеш мяне.
17 Бо я сказаў: «Хай не пацяшаюцца з мяне ворагі мае»; а яны, калі пахіснуліся ногі мае, шматсловілі на мяне.
18 Бо я на раны гатовы, і боль мой заўсёды перада мною.
19 Бо я аб’яўлю віну маю і буду сумаваць з-за граху майго.
20 А ворагі мае жывуць і сталі дужэйшымі за мяне; і стала многа тых, што без прычыны ненавідзяць мяне.
21 Тыя, што плацяць мне злом за дабро, узьвялі паклёп на мяне, бо я ішоў сьледам за дабрынёю.
22 Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не аддаляйся ад мяне.
23 Сьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе збаўленьня майго!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 37

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.