Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Лукі 15 Паводле Лукі 15 разьдзел

1 Набліжа́ліся да Яго ўсе мы́тнікі і грэшнікі, каб слу́хаць Яго.
2 І нарака́лі фарысеі і кніжнікі, ка́жучы: Ён прыма́е грэшнікаў і есць з імі.
3 А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
4 хто з вас, ма́ючы сто авечак і згубíўшы адну з іх, не пакіда́е дзевяно́ста дзевяцí ў пусты́ні і не ідзе па тую, што згубíлася, пакуль не зно́йдзе яе?
5 І, знайшо́ўшы, усклада́е на пле́чы свае, ра́дуючыся;
6 і, прыйшо́ўшы дадому, скліка́е сябро́ў і суседзяў, ка́жучы ім: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згу́бленую авечку.
7 Кажу вам, што гэтак бо́льшая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які ка́ецца, чым за дзевяноста дзевяць пра́веднікаў, якія не ма́юць патрэ́бы ў пакая́нні.
8 Альбо якая жанчына, ма́ючы дзесяць дра́хмаў, калі згу́біць адну дра́хму, не запа́львае свяцíльнік і не мяце́ ха́ту, і не шука́е стара́нна, пакуль не зно́йдзе?
9 І, знайшо́ўшы, скліка́е сябро́вак і сусе́дак, ка́жучы: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшла згу́бленую дра́хму.
10 Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які ка́ецца.
11 І Ён сказаў: у аднаго чалавека было́ два сыны́;
12 і сказаў мало́дшы з іх бацьку: бацька, дай мне нале́жную частку маёмасці. І той падзялíў ім маёмасць.
13 І праз некалькі дзён, сабра́ўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краíну і там растра́ціў маёмасць сваю, жывучы́ распу́сна.
14 Калі ж ён патра́ціў усё, настаў голад вялікі ў той краíне, і ён пачаў цярпе́ць няста́чу;
15 і, пайшоўшы, прыста́ў да аднаго з жыхароў той краíны, а той паслаў яго на свае палí па́свіць свіне́й;
16 і ён жада́ў напоўніць жывот свой ражка́мі , якія елі свíнні, але ніхто не даваў яму.
17 І, прыйшо́ўшы да розуму, сказаў: колькі на́ймітаў у ба́цькі майго ма́юць хле́ба ўдо́сталь, а я з голаду гíну;
18 устану, пайду да ба́цькі майго і скажу яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою,
19 і ўжо не ва́рты называ́цца сы́нам тваім; прымí мяне як аднаго з на́ймітаў тваіх.
20 І, устаўшы, пайшоў да ба́цькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжа́ліўся; і, пабе́гшы, кінуўся на шы́ю яму і пацалава́ў яго.
21 Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою і ўжо не ва́рты называцца сы́нам тваім.
22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясíце найлепшае адзе́нне і апранíце яго, і дайце пе́рсцень на руку́ яго і абу́так на но́гі;
23 і прывядзíце ўко́рмленае цяля́ і зарэ́жце, будзем есці і весяліцца,
24 бо сын мой гэты быў мёртвы і ажы́ў, прапада́ў і знайшоўся. І пачалí весяліцца.
25 А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вярта́ючыся, наблíзіўся да дому, пачуў му́зыку і танцы,
26 і, паклíкаўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?
27 Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэ́заў уко́рмленае цяля́, бо здаровым яго спатка́ў.
28 І ён разгневаўся і не хацеў увайсцí. Бацька ж яго вы́йшаў і прасіў яго.
29 А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу́ табе і ніколі загаду твайго не пераступíў, а ты мне ніколі не даў казляня́ці, каб я з сябра́мі сваімі павесялíўся;
30 а калі прыйшоў гэты сын твой, што прае́ў тваю маёмасць з блуднíцамі, ты закалоў яму ўко́рмленае цяля́.
31 Ён жа сказаў яму: дзіця́, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
32 а ўзвесялíцца і ўзра́давацца трэ́ба было́, што гэты брат твой мёртвы быў і ажы́ў, прапада́ў і знайшо́ўся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Лукі, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.