Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Іаана 15 Паводле Іаана 15 разьдзел

1 Я — сапра́ўдная вінагра́дная Лаза́, а Айцец Мой — Вінагра́дар;
2 усякую галíну на Мне, якая не прыно́сіць пло́ду, Ён адсяка́е; і ўсякую, што прыно́сіць плод, ачышча́е, каб бо́льшы плод прыно́сіла.
3 Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
4 Бу́дзьце ўва Мне, і Я ў вас. Як галíна не можа прыно́сіць пло́ду сама па сабе, калі не будзе на лазе́, так і вы, калі ўва Мне не будзеце.
5 Я — вінагра́дная Лаза́, вы — галíны; хто знахо́дзіцца ўва Мне, а Я ў ім, той прыно́сіць многа пло́ду, бо без Мяне не мо́жаце рабіць нічога;
6 хто не будзе ўва Мне, той будзе вы́кінуты вон, як галíна, і засохне; і збіра́юць іх, і кíдаюць у агонь, і яны згара́юць;
7 калі будзеце ўва Мне і сло́вы Мае́ ў вас будуць, тады чаго хочаце прасíце, і будзе вам;
8 тым прасла́віцца Айцец Мой, калі вы многа пло́ду прынесяце́ і будзеце Маімі ву́чнямі.
9 Як узлюбíў Мяне Айцец, так і Я ўзлюбíў вас; бу́дзьце ў любо́ві Маёй;
10 калі вы за́паведзі Мае́ вы́канаеце, то бу́дзеце ў любо́ві Маёй, як і Я за́паведзі Айца Майго вы́канаў і знахо́джуся ў Яго любо́ві;
11 гэта сказаў Я вам, каб ра́дасць Мая́ ў вас была́ і каб радасць ваша была́ по́ўная;
12 вось за́паведзь Мая́: каб вы любíлі адзін аднаго́, як Я ўзлюбíў вас;
13 бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх.
14 Вы сябры́ Мае́, калі ро́біце тое, што Я запаве́дую вам;
15 Я ўжо не называ́ю вас раба́мі, бо раб не ведае, што робіць гаспада́р яго; а Я назва́ў вас сябра́мі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я паве́даў вам;
16 не вы Мяне вы́бралі, а Я вас вы́браў і паста́віў вас, каб вы ішлі і плод прыно́сілі, і плод ваш застава́ўся; каб, чаго ні папро́сіце ў Айца ў імя́ Маё, Ён даў вам.
17 Гэта запаве́дую вам: каб любíлі адзін аднаго;
18 калі свет вас ненавíдзіць, ве́дайце, што Мяне ён перш чым вас узненавíдзеў;
19 калі б вы ад свету былí, то свет любíў бы сваё; але пако́лькі вы не ад свету, а Я вы́браў вас ад свету, таму ненавíдзіць вас свет.
20 Па́мятайце слова, якое Я сказаў вам: раб не бо́льшы за гаспадара свайго; калі Мяне гна́лі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выко́нвалі, і ваша будуць выко́нваць;
21 але ўсё гэта будуць рабíць вам за імя́ Маё, бо не ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне;
22 калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, то не ме́лі б граху́; а цяпер не ма́юць апраўда́ння за грэх свой;
23 хто ненавíдзіць Мяне, той і Айца Майго ненавíдзіць;
24 калі б Я сярод іх не зрабіў спраў, якіх ніхто іншы не рабіў, то граху́ не ме́лі б яны; цяпер жа і бачылі, і ўзненавíдзелі Мяне і Айца Майго;
25 але няхай збу́дзецца слова, напíсанае ў законе іх: «узненавíдзелі Мяне без прычы́ны».
26 Калі ж пры́йдзе Уцяшы́цель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух íсціны, Які ад Айца зыхо́дзіць, Ён будзе све́дчыць пра Мяне,
27 і вы све́дчыце, таму што вы ад пача́тку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Іаана, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.