Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

2 да Карынфян 6 2-е Пасланне да Карынфян 6 разьдзел

1 Мы ж, як суработнікі Яго, просім вас, каб не марна прынялí вы благадаць Божую.
2 Бо ска́зана: «у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень спасення дапамог табе». Вось цяпер час добраспрыяльны, вось цяпер дзень спасення.
3 Мы нікому ні ў чым не даём нагоды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нараканняў на служэнне,
4 але ва ўсім праяўляем сябе як служыцелі Божыя: у вялікім цярпенні, у горасцях, у нястачах, у бедах,
5 пад ударамі, у цямніцах, у сму́тах, у цяжкай працы, у няспа́нні, у паста́х,
6 у чысціні, у разважлівасці, у доўгацярплівасці, у добрасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай,
7 у слове ісціны, у сіле Божай, са зброяю праведнасці ў правай і ў левай руцэ,
8 у славе і ганьбе, пры знявагах і пахвала́х; нас лíчаць ашуканцамі — а мы праўдзівыя,
9 лічаць невядомымі — а нас ведаюць, лічаць памерлымі — а мы, вось, жывыя; нас караюць — а мы не паміраем;
10 нас засмуча́юць — а мы заўсёды радуемся, мы бедныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім валодаем.
11 Вусны нашы адкрыты да вас, Кары́нфяне, сэрца наша расшы́рана.
12 Вам не цесна ў нас, а цесна вам унутры вас.
13 Адкажыце нам узаемнасцю, — як дзецям кажу, — шырока адкрыйцеся і вы.
14 Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо разам з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Або што агульнага ў святла з цемраю?
15 І якая згода паміж Хрыстом і Веліярам? Або які саўдзел вернага з няверным?
16 Якая сумяшчальнасць храма Божага з ідалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.
17 Таму выйдзіце з асяроддзя іх і аддзяліцеся, кажа Гасподзь, і не дакранайцеся да нечыстаты́, і Я прыму вас;
18 і буду вам Айцом, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Уседзяржыцель».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейская камісія БПЦ
© 2017