Быццё 40 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
І сталася пасьля гэтых падзеяў, саграшылі чашнік валадара Эгіпецкага і пекар перад панам сваім, перад валадаром Эгіпецкім.
І загневаўся фараон на двух урадоўцаў сваіх, на начальніка чашнікаў і на начальніка пекараў,
і аддаў іх пад варту ў дом начальніка варты, у вязьніцу, месца, дзе Язэп быў вязьнем.
І прызначыў начальнік варты Язэпа да іх, і ён служыў ім. І былі яны шмат дзён пад вартаю.
І сьнілі ў адну ноч яны абодва кожны свой сон, кожны [сьніў] са значэньнем сон свой, чашнік і пекар, якія былі ў валадара Эгіпецкага і якія былі ўвязьненыя ў вязьніцы.
І прыйшоў да іх Язэп раніцай, і ўбачыў іх, і вось, яны засмучаныя.
І спытаўся ён у ўрадоўцаў фараона, што былі пад вартаю з ім у доме пана ягонага, кажучы: «Чаму абліччы вашыя сёньня [маюць] благі выгляд?»
І сказалі яны яму: «Сьнілі мы сон, а растлумачыць [яго] няма каму». І сказаў ім Язэп: «Ці ж ня ў Бога тлумачэньне [сну]? Распавядзіце мне».
І распавёў начальнік чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: «У сьне маім, вось, вінаградная лаза перада мною.
І на вінаграднай лазе — тры галінкі. І яна, калі вырасла, расквітнела квеценьню сваёй, насьпелі гронкі вінаграду ейнага.
І келіх фараона ў руцэ маёй, і я ўзяў вінаградныя ягады, і выціснуў іх у келіх фараона, і даў келіх у рукі фараона».
І сказаў яму Язэп: «Гэта тлумачэньне [сну]: тры галінкі — гэта тры дні.
Праз тры дні падыме фараон галаву тваю, і верне цябе на месца тваё, і ты будзеш даваць келіх фараону ў руку ягоную паводле ранейшага звычаю, калі ты быў чашнікам ягоным.
Толькі ўзгадай пра мяне, калі будзе табе добра; і зьяві мне міласэрнасьць, узгадай пра мяне перад фараонам, і вывядзі мяне з гэтага дому,
бо я крадзьма ўкрадзены з зямлі Гебраяў, і таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу».
І ўбачыў начальнік пекараў, што ён добра патлумачыў, і сказаў Язэпу: «Я таксама сьніў, і вось, тры кашы плеценыя на галаве маёй.
І ў кашы верхнім — усялякая ежа фараона, вырабленая пекарам; і птушкі елі яе з каша на галаве маёй».
І адказаў Язэп, і сказаў: «Гэта тлумачэньне [сну]: тры кашы — гэта тры дні.
Праз тры дні здыме фараон галаву з цябе, і павесіць цябе на дрэве; і птушкі будуць есьці цела тваё з цябе».
І праз тры дні быў дзень нараджэньня фараона, і ён справіў бяседу для ўсіх слугаў сваіх, і падняў галаву начальніка чашнікаў і галаву начальніка пекараў сярод слугаў сваіх.
І вярнуў [фараон] начальніка чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён даў келіх у руку фараону,
а начальніка пекараў павесіў, як патлумачыў ім Язэп.
І не ўзгадаў начальнік чашнікаў пра Язэпа, і забыўся на яго.