Быццё 42 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І ўбачыў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, і сказаў Якуб сынам сваім: «Што вы паглядаеце [адзін на аднаго]?»
 

І сказаў: «Вось, я чуў, што ёсьць збожжа ў Эгіпце. Зыйдзіце туды і купіце для нас там, і будзем жыць, і не памром».
 

І зыйшлі дзесяць братоў Язэпавых купіць збожжа ў Эгіпце.
 

А Бэн’яміна, брата Язэпа, не паслаў Якуб з братамі ягонымі, бо сказаў: «Каб не здарылася з ім няшчасьце».
 

І прыйшлі сыны Ізраіля купляць збожжа разам з тымі, што прыйшлі [туды], бо быў голад у зямлі Ханаан.
 

А Язэп кіраваў у той зямлі, ён продаў збожжа ўсім людзям зямлі. І прыйшлі браты Язэпа, і пакланіліся яму тварам да зямлі.
 

І ўбачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх, і ўдаваў, што ён чужы ім, і размаўляў з імі сувора, і сказаў ім: «Адкуль вы прыйшлі?» І яны сказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў».
 

І пазнаў Язэп братоў сваіх, а яны не пазналі яго.
 

І ўзгадаў Язэп сны, якія ён сьніў пра іх, і сказаў ім: «Шпегі вы, вы прыйшлі, каб агледзець голасьць зямлі гэтай».
 

І сказалі яны яму: «Не, пане. Слугі твае прыйшлі купіць харчаваньне.
 

Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы. Не былі слугі твае шпегамі».
 

Але ён сказаў ім: «Не, бо вы прыйшлі агледзець голасьць зямлі гэтай».
 

А яны сказалі: «Дванаццаць слугаў тваіх, браты [мы]. Мы — сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаан, і вось, наймалодшы сёньня з бацькам нашым, а аднаго няма».
 

І сказаў ім Язэп: «Гэта я сказаў вам, кажучы: “Вы — шпегі”.
 

Таму будзеце выспрабаваныя. Няхай жыве фараон! Вы ня выйдзеце адгэтуль, пакуль ня прыйдзе сюды наймалодшы брат ваш.
 

Пашліце аднаго з вас, і няхай ён возьме брата вашага; а вы будзеце ўвязьненыя. І выспрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша. А калі не, няхай жыве фараон! Вы — шпегі».
 

І ўзяў іх пад варту на тры дні.
 

І сказаў ім Язэп на трэці дзень: «Гэта зрабіце, і будзеце жывыя. Бо я баюся Бога.
 

Калі вы — шчырыя, адзін брат ваш застанецца ўвязьнены ў доме, у якім вы пад вартаю, а вы ідзіце, занясіце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых.
 

І брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і вы не памраце». І яны зрабілі так.
 

І казалі яны кожны брату свайму: «Сапраўды, мы вінаватыя адносна брата нашага, што мы бачылі гора душы ягонай, як ён маліў нас, але мы не паслухалі, і за тое прыйшла на нас бяда гэтая».
 

І адказаў ім Рубэн, кажучы: «Ці не казаў я вам, кажучы: “Не грашыце супраць хлопца”, а вы не паслухалі; і вось, за кроў ягоную помсьціцца».
 

І яны ня ведалі, што Язэп разумее, бо паміж імі быў перакладчык.
 

І [Язэп] адвярнуўся ад іх, і плакаў. І павярнуўся да іх, і размаўляў з імі, і ўзяў з іх Сымона, і зьвязаў яго перад вачыма іхнімі.
 

І загадаў Язэп, каб напоўнілі мяхі іхнія збожжам, і вярнулі срэбра іхняе кожнаму ў мех ягоны, і далі ім ежу на дарогу. І зрабілі ім гэтак.
 

І яны ўсклалі збожжа сваё на аслоў сваіх, і пайшлі адтуль.
 

І разьвязаў адзін [з іх] мех свой, каб пакарміць асла свайго на папасе; і ўбачыў срэбра сваё, і вось, яно ў адтуліне мяха ягонага.
 

І сказаў ён братам сваім: «Вярнулі срэбра маё, і вось, яно ў мяху маім». І ўстрывожылася сэрца іхняе, і яны задрыжэлі, кажучы адзін аднаму: «Што гэта зрабіў нам Бог?»
 

І прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і распавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
 

«Гаварыў гэты чалавек, пан зямлі той, з намі сувора, і меў нас за шпегаў у зямлі той.
 

І сказалі мы яму: “Шчырыя мы, мы не былі шпегамі.
 

Нас дванаццаць братоў, сыны бацькі нашага; аднаго няма, а малодшы сёньня з бацькам нашым у зямлі Ханаан”.
 

І сказаў гэты чалавек, пан зямлі той: “З гэтага я даведаюся, што вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а вы вазьміце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых і ідзіце.
 

І прывядзіце да мяне малодшага брата вашага; і я даведаюся, што вы ня шпегі, але шчырыя вы. Брата вашага аддам вам, і вы будзеце падарожнічаць у зямлі гэтай”».
 

І сталася, калі яны высыпалі мяхі свае, вось, у кожнага капшук са срэбрам ягоным у мяху ягоным. І ўбачылі яны капшукі са срэбрам сваім, яны і бацька іхні, і спалохаліся.
 

І сказаў ім Якуб, бацька іхні: «Вы пазбавілі мяне дзяцей. Язэпа няма; і Сымона няма, і Бэн’яміна [хочаце] ўзяць. Усё гэта [гора] на мяне прыйшло!»
 

І сказаў Рубэн бацьку свайму: «Забі двух сыноў маіх, калі я не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і я вярну яго табе».
 

А ён сказаў: «Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся! Калі здарыцца з ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, вы зьвядзеце сівізну маю са смуткам у апраметную».