Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха.
 
Надыходзіў жа дзень сьвята Праснакоў, называны Пасхай.

І шукалі першасьвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо баяліся народу.
 
І першасьвятары, і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся народу.

А шатан увайшоў у Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці,
 
Шатан жа ўвайшоўшы ў Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з Дванаццаці.

і той, адыйшоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім.
 
І той, пайшоўшы, дамовіўся з першасьвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Езуса.

І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы,
 
Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.

і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе.
 
І абяцаў ён ім ды шукаў магчымасьці, каб выдаць Яго ім, калі будзе далёка ад людзей.

Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае [ягня].
 
І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторым належала ахвяраваць Пасху.

І паслаў [Ісус] Пятра і Яна, сказаўшы: «Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху».
 
І (Езус) паслаў Пятра і Яна, кажучы: "Ідзіце і прыгатуйце нам спажываць Пасху".

Яны ж сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
 
Яны спыталіся: "Дзе хочаш, каб прыгатавалі?"

Ён жа сказаў ім: «Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе,
 
Езус сказаў ім: "Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас нейкі чалавек, каторы будзе несьці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.

і скажыце гаспадару дому: “Настаўнік гаворыць табе: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі?'”
 
Ды скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа табе: Дзе месца, дзе Я з вучнямі Маімі мог бы спажываць Пасху?"

І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце».
 
Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу, засланую (дываном), там прыгатуеце".

Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
 
Пайшоўшы за тым, знайшлі ўсё, як было ім сказана, і прыгатавалі Пасху.

І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім.
 
А калі надыйшла пара, (Езус) заняў сваё месца пры стале, і апосталы з Ім.

І Ён сказаў ім: «Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець [пакуты].
 
І сказаў ім Езус: "Жаданьнем вялікім жадаў Я спажываць гэту Пасху з вамі перш, чым буду цярпець.

Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым».
 
Бо кажу вам: Адгэтуль ня буду яе есьці, пакуль ня споўніцца ў Каралеўстве Божым".

І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
 
І, узяўшы келіх і склаўшы падзяку, сказаў: "Бярыце і падзяліце між сабой.

бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае».
 
Бо кажу вам: Ня буду піць з плоду вінаграда, пакуль ня прыйдзе Каралеўства Божае".

І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
 
І, узяўшы хлеб і склаўшы падзяку, ламаў яго і даў ім, кажучы: "Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць".

Гэтаксама і келіх [узяў] пасьля вячэры, кажучы: «Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
 
Падобна па вячэры Ён узяў келіх, кажучы: "Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, каторая за вас праліваецца.

Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом.
 
Аднак вось рука здрадніка Майго разам з Маёю на стале.

І, сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае».
 
Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана, аднак гора таму чалавеку, каторы яго выдае".

І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта.
 
І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх меўся гэта ўчыніць.

Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым.
 
Узьнялася таксама спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца першым.

Ён жа сказаў ім: «Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца.
 
Сказаў ім Езус: "Каралі народаў валодаюць імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.

Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меншы, і правадыр — як служыцель.
 
Але між вас ня так, але хто ў вас большы, хай будзе як найменшы, і правадыр — як слуга.

Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе.
 
Хто большы: ці той, хто сядзіць пры стале, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць пры стале? Я аднак у вас як той, што паслугуе.

Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх,
 
Вы ж ёсьць тыя, што вытрывалі пры Мне ў спакушэньнях Маіх.

і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
 
Я вам пераказваю Каралеўства, як Мне пераказаў Айцец Мой,

каб вы елі і пілі за сталом Маім у Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля».
 
каб вы елі і пілі пры стале Маім у Каралеўстве Маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраэля".

І сказаў Госпад: «Сымоне, Сымоне! Вось, шатан зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу,
 
І сказаў Госпад: "Сымон, Сымон! Вось жа шатан захацеў вас перасеяць як пшаніцу.

а Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх».
 
Але Я маліўся за цябе, каб не змалела вера твая. І ты, навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх".

Той жа адказаў Яму: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!»
 
Той жа сказаў Яму: "Госпадзе, я гатовы з Табой ісьці ў вязніцу і на сьмерць".

Ён жа сказаў: «Кажу табе, Пётар, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне».
 
Але Езус адказаў яму: "Кажу табе, Пётар, не запяе певень сёньня, як тры разы вырачэшся, што ведаеш Мяне".

І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас бяз кайстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?» Яны адказалі: «Аніякай».
 
І сказаў ім: "Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і сандалаў, ці ж вам не хапала чаго?" Яны сказалі:

Тады Ён сказаў ім: «Але цяпер, хто мае кайстру, няхай возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне сваё і купіць меч.
 
"Анічога". Сказаў ім тады: "А цяпер хто мае капшук, хай возьме таксама і торбу, а хто ня мае, хай прадасьць вопратку сваю і купіць меч.

Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “І да беззаконьнікаў залічаны”. Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец».
 
Бо кажу вам: што мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: "І ў злачынцы быў залічаны". Бо што адносіцца да Мяне, збываецца".

Яны ж сказалі: «Госпадзе! Вось, тут два мячы!» А Ён сказаў ім: «Даволі!»
 
А яны сказалі: "Госпадзе, вось два мячы". Ён сказаў ім: "Хопіць".

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя.
 
І, выйшаўшы, Езус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі вучні Ягоныя.

Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
 
І калі прыбыў на месца, сказаў ім: "Маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".

І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся,
 
І адыйшоўся ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся

кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца».
 
ў гэтыя словы: "Ойча, калі хочаш, ухілі ад Мяне гэты келіх, аднак не Мая воля, але Твая хай станецца".

Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго.
 
І зьявіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.

І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
 
І быў пот Ягоны як кроплі крыві, сьцякаючай на зямлю.

І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку.
 
І калі падняўся ад маліты і прыйшоў да вучняў, знайшоў іх сьпячых ад смутку.

І сказаў ім: «Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
 
Дык сказаў ім: "Чаму сьпіцё? Падымайцеся і маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".

Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
 
Яшчэ Ён гэта гаварыў, як надыйшла грамада, ды наперадзе яе адзін з Дванаццацёх, каторы называўся Юда. Ён падыйшоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.

Ісус жа сказаў яму: «Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
 
А Езус сказаў яму: "Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?"

А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: «Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?»
 
А тыя, што пры Ім былі, бачачы, да чаго ідзе, сказалі Яму: "Госпадзе, ці маем ударыць мячом?"

І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха.
 
Ды адзін з іх ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму правае вуха.

Адказваючы ж, Ісус сказаў: «Пакіньце гэта». І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.
 
А Езус адказаў: "Спыніцеся, хопіць!" і, дакрануўшыся вуха яго, аздаравіў яго.

А першасьвятарам, і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі.
 
Затым сказаў Езус тым, што прыйшлі па Яго, першасьвятарам, начальнікам сьвятыні і старшыням: "Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі.

Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры».
 
Калі штодзень прабываў Я з вамі ў сьвятыні, не паднялі вы на Мяне рук. Але цяпер ваш час і ўлада цемры".

Схапіўшы Яго, яны павялі [Яго], і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётар ішоў за Ім здалёк.
 
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. Пётар жа ішоў за імі здалёк.

Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётар сярод іх.
 
А калі распалілі вогнішча на панадворку і заселі вакол агню, быў між імі і Пётар.

Убачыўшы ж яго, нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: «І гэты быў з Ім».
 
І нейкая служанка, прыгледзіўшыся яму пры сьвятле ўважна, сказала: "І ён быў з Ім".

Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: «Жанчына! Я ня ведаю Яго».
 
А ён выракся Яго, кажучы: "Жанчына, я ня ведаю Яго!"

І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: «І ты з іх». А Пётар сказаў: «Чалавеча! Ня я гэта».
 
А па нейкім часе, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: "І ты з іх". Пётар жа сказаў: "Што ты, чалавеча, не".

І, калі прайшло каля адной гадзіны, нехта іншы настойваў, кажучы: «Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён — Галілеец».
 
А калі прайшло каля гадзіны часу, хто іншы настойваў, кажучы: "Сапраўды, і ён быў з Ім, бо і ён Галілеец".

А Пётар сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш». І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
 
Сказаў яму Пётар: "Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш". І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.

І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётар слова Госпада, як Ён сказаў яму: «Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 
І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пятра, і Пётар успомніў словы Госпада, як яму прадказаў: "Перш, чым запяе певень, тры разы вырачашся Мяне".

І, выйшаўшы вон, Пётар горка заплакаў.
 
І Пётар, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.

І мужчыны, якія трымалі Ісуса, зьдзекваліся з Яго, зьбіваючы.
 
А людзі, пільнуючыя Яго, наругаліся з Яго і білі Яго.

І, засланіўшы Яго, білі Яго па абліччы, і пыталіся ў Яго: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
 
І, закрыўшы Яму твар, пыталіся Яго, кажучы: "Праракуй, хто ўдарыў Цябе?"

І шмат іншага, блюзьнячы, гаварылі на Яго.
 
Ды многа іншых блюзьнерстваў гаварылі на Яго.

І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынэдрыён,
 
А калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, і першасьвятары, і кніжнікі ды прывялі Езуса перад сваю Раду,

кажучы: «Ці Ты — Хрыстос? Скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы не паверыце.
 
кажучы: "Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам". А Ён сказаў ім: "Калі скажу вам, ня ўверыце Мне,

Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце.
 
а калі спытаюся, не адкажаце Мне, ані таксама ня выпусьціце Мяне.

Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай».
 
Але адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець па правіцы моцы Божай".

А ўсе сказалі: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён жа прамовіў ім: «Вы кажаце, што Я».
 
Дык сказалі яны ўсе: "Дык Ты — Сын Божы?" Ён сказаў: "Вы самі гаворыце, што Я".

Яны ж сказалі: «Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных».
 
Дык яны сказалі: "Ці патрэбныя нам яшчэ сьведкі? Усе мы чулі з вуснаў Яго".