Дзеі 14 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.
 
Падобна ў Іконіі ўвайшлі яны ў Юдэйскую сынагогу і навучалі так, што многа Юдэяў і Грэкаў уверыла.

А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.
 
Але тыя Юдэі, што ня ўверылі, падбуралі і пад'юджвалі паганаў супраць братоў.

Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.
 
Аднак Павал і Барнаба прабылі там доўгі час і навучалі адважна ў Госпадзе, каторы сьведчыў слову ласкі сваёй цудамі і знакамі, якія чыніў іхнімі рукамі.

І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.
 
Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.

А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,
 
Калі аднак апосталы даведаліся, што пагане і Юдэі сумесна з начальнікамі сваімі маняцца зьняважыць іх і ўкаменаваць,

яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,
 
уцяклі ў гарады Лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іхнія ваколіцы,

і былі там, дабравесьцячы.
 
і там эвангелізавалі.

І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.
 
У Лістры жыў адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэньня, які ніколі не хадзіў.

Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,
 
Ён слухаў, што казаў Павал. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, патрэбную для аздараўленьня,

сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.
 
сказаў моцным голасам: "Стань проста на ногі твае!" І той падскочыў і стаў хадзіць.

А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»
 
І грамады, бачачы, што ўчыніў Павал, пачалі моцна крычаць па-лікаонску: "Багі сталіся падобнымі да людзей і зыйшлі да нас!"

І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.
 
І назвалі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Мэркурам, бо ён быў правадыром у слове.

А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].
 
А сьвятар Зэўса, каторы меў сьвятыню перад горадам, прывёў прад браму валы ды прынёс вянкі, і хацеў разам з народам скласьці ахвяру.

Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:
 
Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Павал, разьдзёрлі адзеньне ды кінуліся ў народ, крычучы:

«Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
 
"Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі сьмяротныя, падобныя да вас. Эвангелізуем вас, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога жывога, каторы стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх знаходзіцца.

Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,
 
Дапусьціў Ён у даўнейшых часах, каб народ кожны хадзіў сваімі дарогамі,

ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»
 
але не пераставаў сьведчыць ад сабе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба, урадлівыя леты, кормячы вас ды сэрцы вашыя напаўняючы радасьцю".

І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.
 
І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.
 
Тым часам падыйшлі Юдэі з Антыёхіі і Іконіі, і падбурылі грамады, і ўкаменавалі Паўла ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.
 
Але калі сабраліся вакол яго вучні, падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень разам з Барнабай направіўся ў Дэрбу.

І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,
 
І ў гэтым горадзе вясьцілі Эвангельле, і здабылі многа вучняў, а пасьля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.
 
умацоўваючы душы вучняў, заахвочваючы іх да трываньня ў веры, бо каб ўвайсьці ў Каралеўства Божае, трэба прайсьці праз многа мукаў.

І, ускладаючы рукі, яны [паставілі] ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.
 
Потым з малітвай і постам для кожнае царквы прызначылі старшых ды даручылі іх Госпаду, у каторага ўверылі.

І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.
 
І прайшлі праз Пісідыю ў Памфілію,

І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.
 
і вясьцілі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.
 
І адкуль паплылі ў Антыёхію, адтуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.
 
Вярнуўшыся, склікалі царкву і расказалі, што ўчыніў Бог з імі, ды як адкрыў Ён дзьверы веры паганам.

І былі яны там немалы час з вучнямі.
 
І шмат часу былі яны сярод вучняў.