Другі закон 27 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І загадаў Майсей і старшыні Ізраіля народу, кажучы: «Захавайце ўсе прыказаньні, які я вам загадваю сёньня.
 

І станецца ў дзень, калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, пастаў вялікія камяні, і абмаж іх вапнай,
 

і напішы на іх усе словы Закону гэтага, калі ты пяройдзеш [Ярдан], каб увайсьці ў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як прамовіў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.
 

І станецца, калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я загадваю вам сёньня, на гары Эваль і абмажце іх вапнай.
 

І пабудуеш там ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, якіх не кранула жалеза,
 

З камянёў нячэсаных пабудуеш ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, і складзеш на ім цэласпаленьні ГОСПАДУ, Богу твайму.
 

І складзеш ахвяру мірную, і будзеш есьці там, і радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
 

І напішы на камянях усе словы Закону гэтага выразна і добра».
 

І прамовілі Майсей і сьвятары лявіты да ўсяго Ізраіля, кажучы: «Маўчы і слухай, Ізраіль. У дзень сёньняшні ты стаўся народам ГОСПАДА, Бога твайго.
 

Будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і выконваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня».
 

У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
 

«Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.
 

А на гары Эваль для праклінаньня будуць стаяць Рубэн, Гад, Асэр, Завулён, Дан і Нэфталі.
 

І адкажуць лявіты, і будуць казаць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраіля:
 

“Пракляты чалавек, які зробіць выяву рэзьбленую або літую, брыдоту перад ГОСПАДАМ, твор рук рамесьніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І адкажа ўвесь народ, і скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто зьневажае бацьку свайго і маці сваю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто перакручвае суд прыхадню, сіраце і ўдаве”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрыў плашч бацькі свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто лажыцца з сястрой сваёй, з дачкой бацькі свайго або дачкой маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто лажыцца з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: ”Амэн”.
 

“Пракляты той, хто таемна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто бярэ хабар, каб забіць душу і [праліць] кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
 

“Пракляты той, хто не трымаецца словаў Закону гэтага, і не выконвае іх”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.