1 да Карынфянаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, —
Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, ды брат Састэн,
царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:
Божай царкве ў Карыньце, тым, што былі асьвечаны ў Езусе Хрысьце ды пакліканы да сьвятасьці разам з усімі, каторыя на кожным месцы прызываюць імя Госпада нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага (Госпада):
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Ласка вам і супакой ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыста.
Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе,
Дзякую заўсёды за вас Богу майму за ласку, дадзенаю вам у Хрысьце Езусе,
бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, —
бо ў Ім вы ўсім сталіся багатымі, усякім словам і веданьнем,
бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, —
бо сьведчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас,
так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
так што ня маеце нястачы ласкі ў чаканьні аб'яўленьня Госпада нашага Езуса Хрыста
Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
які ўмацуе вас да канца, каб былі без заганы ў дзень Госпада нашага Езуса Хрыста.
Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Верны Бог, якім вы пакліканы да супольнасьці з Сынам Ягоным Езусам Хрыстом, Госпадам нашым.
Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы.
Браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі аднаго розуму і аднае думкі.
Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае, што між вамі ёсьць сваркі.
Бо людзі злое расказалі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вас спрэчкі.
А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўлавы», «А я — Апалёсавы», «А я — Кіфавы», «А я — Хрыстовы».
Маю на думцы, што кожны ў вас кажа: "Я — Паўлавы", "Я Апалёсавы", Я Кэфаса", "А я -Хрыстовы".
Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?
Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Павал быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўла вы ахрышчаны?
Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,
Дзякую Богу, што апрача Крыспа і Гая я нікога з вас не ахрысьціў,
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
дык ніхто ня можа казаць, што ў імя маё быў ён ахрышчаны.
Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.
Праўда, ахрысьціў я таксама дом Сьцяпана. А больш ня памятаю, ці ахрысьціў яшчэ каго.
Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага.
Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысьціць, але эвангелізаваць; ня ў мудрасьці слова, каб ня зьменшыць важнасьці крыжа Хрыстовага.
Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, — сіла Божая.
Бо слова крыжа для тых, што ідуць на загубу, ёсьць глупства, а тым, што ідуць на збаўленьне — сіла Божая.
Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну».
Бо напісана: "Загублю мудрасьць мудрых, і кемлівасьць разумны зьнішчу".
Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам?
Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць гэтага сьвету ў дурасьць?
Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць.
Калі жа сьвет сваёю мудрасьцю не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык спадабалася Богу праз дурасьць вяшчэньня (слова) збавіць веручых.
Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
Бо Юдэі дамагаюцца знакаў, а Грэкі шукаюць мудрасьці;
а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў — згаршэньне, а для Грэкаў — глупства,
а мы вясьцім Хрыста ўкрыжаванага, які для Юдэяў згаршэньнем, а для паганаў — дурасьць,
а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.
для тых жа, што пакліканы, ці з-пасярод Юдэяў, ці спасярод Грэкаў — Хрыстос, магутнасьць Божая ды мудрасьць Божая.
Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей.
Бо тое, што дурасьць у Бога, перавышае мудрасьцю людзей, а што кволае ў Бога — перавышае моцаю людзей.
Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных,
Дык вы, браты, паглядзіце, хто вы такія, пакліканыя? Па-людзку гледзячы, няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных.
але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных,
Але Бог выбраў, дурное ў вачах сьвету, каб засароміць мудрых, і кволае, каб засароміць магутных,
і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць,
і (выбраў Бог) тое, што паганае ў вачах сьвету, і пагарджанае ды ня маючае значэньня выбраў Бог, каб скасаваць тое, што нечым ёсьць,
каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.
каб ніхто не вывышаўся перад Богам.
А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
Дзякуючы Яму і вы ёсьць у Хрысьце Езусе, каторы з волі Божай стаўся для нас мудрасьцю, справядлівасьцю, пасьвячэньнем і адкупленьнем,
каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца».
каб было як напісана: "Хто хваліцца, хай у Госпадзе хваліцца".