1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.
 
Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.

Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.
 
Хвалю вас, браты, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся ўсяго, што я вам перадаў.

Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
 
Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстос, а кожнае жонкі галава — муж, а галава Хрыста — Бог.

Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
 
Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой, ганьбіць сваю галаву.

А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.
 
Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з ненакрытай галавой, ганьбіць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна аголена.

Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.
 
Дык калі якая жанчына не накрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганьбіць жанчыну тое, што пастрыжана або паголена, дык хай накрывае галаву.

Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.
 
Мужчыну не належыцца накрываць галавы, бо ён — вобраз і хвала Бога, а жанчына — хвала мужчыны.

Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.
 
Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны.

І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.
 
і не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.

Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.
 
Таму жанчына мусіць мець на галаве знак падданасьці дзеля анёлаў.

Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.
 
Зрэшты, у Госпада ані мужчына без жанчыны, ані жанчына без мужчыны.

Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.
 
Бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына (родзіцца) з жанчыны, а ўсе — ад Бога!

Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?
 
Рассудзіце самі: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з ненакрытай галавой?

Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго,
 
Сама прырода вучыць нас, што ганьба для мужчыны насіць доўгія валасы,

а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.
 
і наадварот, для жанчыны гэта — гонар. Бо валасы дадзены ёй на пакрыцьцё.

А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
 
А калі хто аб гэтым хоча спрачацца, хай ведае, што ані мы ня маем такога звычаю, ані цэрквы Божыя.

А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.
 
Робячы вам гэтыя заўвагі, не магу вас пахваліць за тое, што зьбіраецеся не на лепшае, але на горшае.

Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,
 
Перад усім чую, што, калі зыходзіцеся разам як супольнасьць, бываюць у вас спрэчкі, і гэтаму я крыху веру.

бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.
 
Бо мусяць быць сярод вас і герэзіі, каб выявіліся выпрабаваныя людзі.

Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпада,
 
Дык калі вы зьбіраецеся разам, няма ў вас спажываньня Вячэры Госпадавай.

бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.
 
Кожны бо з вас сьпяшаецца першым зьесьці сваю вячэру, ды бывае, што адзін галодны, а ў той час другі ўпіваецца.

Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.
 
Ці ня маеце дамоў, каб там есьці і піць? Ці мо хочаце ганьбіць царкву Божую, ды засароміць тых, што нічога ня маюць? Што вам магу сказаць? Можа буду вас хваліць? Дык не! За гэта вас не пахвалю!

Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб
 
Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў вам, што Госпад Езус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб

і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
 
і склаўшы падзяку, паламаў і сказаў: "Гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас даецца. Рабіце гэта ў Маю памяць!"

Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».
 
Падобным спосабам па вячэры Ён узяў келіх і сказаў: "Гэты келіх ёсьць Новым Запаветам у Крыві Маёй. Рабіце гэта, колькі разоў будзеце піць, у Маю памяць".

Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.
 
Бо колькі разоў будзеце есьці гэты хлеб і піць гэты келіх, будзеце абвяшчаць сьмерць Госпада, пакуль ня прыйдзе.

Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада.
 
Дзеля таго, хто нягодна есьць хлеб ды п'е з келіха, той вінаваты што да Цела і Крыві Госпадавай.

Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.
 
Дык хай выспрабуе чалавек сябе самога, і тады хай есьць хлеб той ды п'е з келіха таго.

Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада.
 
Бо хто есьць і п'е нягодна, не зважаючы на Цела (Госпадава), прысуд сабе есьць і п'е.

Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае.
 
Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае.

Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі.
 
А калі мы самі сябе асудзім, дык ня будзем суджаны.

А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.
 
Калі нас Госпад судзіць, то і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім сьветам.

Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.
 
Таму, браты мае, калі зьбіраецеся есьці Вячэру, пачакайце адзін на другога.

А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.
 
Калі хто галодны, хай есьць дома, каб вам не зьбірацца на асуджэньне. Іншыя справы наладжу, як прыйду.