Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,
 
З разважаных намі справаў галоўная тая, што мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона Велічы ў небе,

[і ёсьць] служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, пастаўленага Госпадам, а не чалавекам.
 
служыцеля сьвятыні і праўдзівае палаткі, пастаўленай Госпадам, а не чалавекам.

Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.
 
Кожны сьвятар стаўляецца складаць дары і ахвяры, таму трэба, каб і гэты меў нешта для ахвяры.

Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары,
 
Калі б Ён заставаўся на зямлі, то ня быў бы сьвятаром, таму што ёсьць тут такія сьвятары, што складаюць дары паводле закону.

якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле ўзору, які паказаны табе на гары».
 
Яны служаць вобразу і цені (рэчаіснасьцяў) нябесных, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: "Глядзі вось, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары".

А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.
 
Цяпер вось Ён атрымаў лепшае служэньне на столькі, на колькі стаўся пасярэднікам лепшага запавету, які абапіраецца на лепшых абяцаньнях.

Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.
 
Бо калі б той першы (запавет) быў без заганы, то ня трэба было б шукаць на яго месца другога.

Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
 
Бо ганячы іх, кажа: "Вось жа настануць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,

не паводле запавету, які Я зрабіў з бацькамі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.
 
не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай, бо яны ня вытрывалі ў Маім запавеце, і Я пакінуў іх, — кажа Госпад.

Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.
 
Вось жа запавет, які Я дам дом у Ізраэля ў тыя дні, — кажа Госпад, — Дам закон Мой у іх думкі ды ў сэрцы іхнія ўпішу яго, і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.

І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.
 
І ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго, ані брата свайго, кажучы: "Пазнай Госпада!" Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найбольшага з іх.

Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».
 
Бо міласэрным буду да іх беззаконьняў і ня ўспомню больш пра іхнія грахі".

Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.
 
Кажучы пра "новы", першы прызнаў старым. А тое, што старое і здаўніваецца, тое блізкае зьніштажэньня.