Быццё 11 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы.
 
Жыхары ўсёй зямлі мелі адну мову, значыць, аднолькавыя словы.

І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся.
 
І калі яны вандравалі з усходу, сустрэлі раўніну ў зямлі Шынэар і там абжыліся.

І сказалі яны адзін аднаму: «Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём». І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны.
 
І сказалі яны адзін аднаму: «Хадзіце, наробім цэглы і абпалім яе агнём». Дык замест каменьняў мелі яны цэглу, а смалу на месцы цэменту.

І сказалі яны: «Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччы ўсёй зямлі».
 
І вось сказалі яны: «Хадзем, зробім сабе горад і вежу, каторай верх будзе датыкацца неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па ўсёй зямлі».

І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя.
 
І зыйшоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя.

І сказаў ГОСПАД: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх у-ва ўсім, што яны задумалі зрабіць.
 
І сказаў Госпад: «Вось адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іхняй працы, у далейшым нічога ня будзе для іх трудным, і ўсё, што задумаюць — зробяць.

Давайце зыйдзем і памяшаем там мову іхнюю, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго».
 
Хадзем вось, зыйдзем, памяшайма іх мову, каб не маглі зразумець адзін аднаго».

І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад.
 
І гэтак вось расьсеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад.

Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсёй зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі.
 
І дзеля таго быў названы ён (горад) Бабель, бо там была памяшаная мова ўсяе зямлі, і адтуль расьсеяў іх Госпад па ўсёй зямлі.

Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу.
 
Гэтыя вось патомкі Сэма. Калі Сэм меў сто гадоў, нарадзіўся яму сын Арпахшад, праз два гады пасля патопу.

І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Арпахшада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок.

І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха.
 
Арпахшад, пражыўшы трыццаць пяць гадоў, меў сына Шэляха.

І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
А па нараджэньні Шэляха жыў Арпахшад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра.
 
Шэлях, пражыўшы трыццаць гадоў, меў сына Гебэра.

І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Гебэра жыў Шэлях чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.

І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега.
 
Калі Гебэр меў трыццаць чатыры гады, нарадзіўся яму сын Пэлег.

І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
А па нараджэньні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву.
 
Калі Пэлег меў трыццаць гадоў, нарадзіўся яму Рэў.

І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок.

І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга.
 
Рэў жа пражыў трыццаць два гады і меў сына Сэруга.

І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзьвесьце сем гадоў і меў сыноў і дачок.

І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
 
Сэруг пражыў трыццаць гадоў і меў сына Нахора.

І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Нахора Сэруг пражыў дзьвесьце гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.

І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха.
 
Нахор пражыў дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сына Тэраха.

І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
 
Па нараджэньні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.

І жыў Тэрах семдзясят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана.
 
Калі Тэрах меў семдзесят гадоў, нарадзіліся яму сыны Абрам, Нахор і Аран.

І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лота.
 
Такія вось дзеі патомкаў Тэраха. Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лёта.

І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
 
Аран памёр яшчэ за жыцьцё Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у каторай нарадзіўся, у Уры Хальдэйскім.

І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі.
 
Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька. Яна — дачка Арана, каторы меў яшчэ другую дачку імем Іска.

І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей.
 
Сарай была бясплодная і ня мела дзяцей.

І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лота, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там.
 
Тэрах, узяўшы з сабой свайго сына Абрама, Лёта, сына Арана, а значыць свайго ўнука, і Сарай, сваю сыновую, жонку Абрама, падаўся зь імі з Уру Хальдэйскага, каб пайсьці зь імі ў зямлю Ханаан. Калі аднак прыбылі ў Харан, абжыліся там.

І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.
 
Тэрах дажыўся там дзьвесьце пяць гадоў жыцьця і памёр у Харане.