Быццё 12 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.
І сказаў вось Госпад Абраму: «Выйдзі зь зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу.
І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.
І Я зраблю зь цябе вялікі народ, і буду табе дабраславіць, і праслаўлю імя тваё, і ты будзеш дабраславенствам.
І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
Я буду дабраславіць тым, каторыя будуць цябе дабраславіць, а тых, каторыя цябе будуць праклінаць, Я пракляну. У табе будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі».
І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лот. Абрам меў семдзясят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.
І забраў Абрам з сабою сваю жонку Сарай, Лёта, сына брата свайго, і ўсю сваю маёмасьць, якую мелі, поруч слугаў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан.
І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі [жылі] тады Хананейцы.
І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Морэг. А ў той зямлі жылі тады Хананэйцы.
І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.
І вось явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Дык ён пабудаваў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.
Адтуль перайшоў ён на гару на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, [маючы] Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнік ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.
Адтуль перайшоў ён на ўзгорышча на ўсход ад Бэтэлю і паставіў палатку сваю, маючы Бэтэль на захадзе, а ад усходу — Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнік Госпаду і прызываў імя Госпада.
І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.
Адсюль вандраваў Абрам зь месца на месца ў бок Нэгебу.
І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.
І запанаваў голад у той зямлі. Дык Абрам павандраваў у Эгіпет, каб пажыць там.
І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,
А калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй: «Ведаю, што ты жанчына прыгожая,
і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, яны заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
дык калі ўбачаць цябе Эгіпцяне, скажуць: «Гэта жонка яго». І заб'юць мяне, а цябе пакінуць.
Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».
Дык кажы, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы з ласкі тваёй».
І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, убачылі Эгіпцяне, што [Сарай] вельмі прыгожая жанчына.
І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, Эгіпцяне ўбачылі, што Сарай ёсьць вельмі прыгожай жанчынай.
І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.
Убачылі яе таксама вяльможы фараона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона,
А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.
а Абраму аднагародзілі шчодра дзеля яе. Атрымаў ён авечкі і валы, нявольнікаў і нявольніцаў, поруч аслоў і вярблюдаў.
І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.
Госпад жа наведаў фараона і дом ягоны страшнымі карамі дзеля Сарай, жонкі Абрама.
І паклікаў фараон Абрама, і сказаў [яму]: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?
Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»
Чаму ты казаў: яна сястра мая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры яе і ідзі!»
І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі [Абрама], і жонку ягоную, і ўсё, што ён меў.
І даў фараон загад людзям сваім, каб Абрама і яго жонку, і ўсё, што ён меў, вывелі (да мяжы).