Быццё 24 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.
І састарэўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраславіў яму ў-ва ўсім.
І сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно маё,
І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, каторы распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад бядро мне
і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,
і прысягні на Госпада, Бога неба і Бога зямлі, што ня возьмеш жонкі для сына майго з дачок Хананейскіх, сярод якіх жыву,
але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку».
але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй, і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку».
І сказаў яму слуга: «Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?»
Слуга адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсьці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесьці сына твайго ў зямлю, зь якой ты паходзіш?»
І сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
Абрагам сказаў: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
Госпад, Бог неба, Каторы забраў мяне з дому бацькі майго і з радзімай зямлі маёй, Ён сказаў мне і запрысягнуў мне, і сказаў: «Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
А калі не пажадае тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды».
Калі б жанчына не хацела ісьці з табою, тады ты ня будзеш зьвязаны прысягай. Сына толькі не завядзі туды».
І палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
І палажыў слуга руку сваю пад бядро Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
І ўзяў той слуга дзесяць вярблюдаў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, у горад Нахора.
Дык вось слуга ўзяў з сабою дзесяць вярблюдаў, запар каштоўнасьці свайго гаспадара і падаўся ў Арам-Нагараім, у горад, дзе пражываў Нахор.
І дазволіў ён вярблюдам укленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.
І пакінуў ён вярблюды для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны выходзяць чэрпаць ваду.
І сказаў ён: «ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.
І маліўся ён: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, пашлі яе мне сёньня насустрач і акажы міласэрдзе гаспадару майму Абрагаму.
Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.
Вось жа я стаю каля студні з вадой, і дочкі жыхароў гэтага гораду прыходзяць чэрпаць ваду.
Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюдаў тваіх напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму».
Дык хай дзяўчына, каторай я скажу: «Нахілі мне збан твой, каб мог напіцца», а яна адказала б: «Пі сам, і вярблюдам тваім я дам напіцца», вось гэта тая, якую выбраў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрдзе гаспадару майму».
І сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.
Ня скончыў ён словаў гэтае малітвы, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.
І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.
А была дзяўчына тая вельмі прыгожая, дзеўка не замужняя. Яна зыйшла да крыніцы і зачэрпнула поўны збан, і вярталася.
І пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: «Дай мне глытнуць крыху вады са збана твайго».
І пераняў яе слуга, і кажа: «Дай мне крыху напіцца вады з твайго збана».
І сказала яна: «Пі, пане мой». І пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.
Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шыбка спусьціла збан свой на руку сваю, і напаіла яго.
І скончыла яна даваць яму піць, і сказала: «Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца».
І, калі напаіла яго, сказала: «Я начэрпаю для вярблюдаў тваіх вады, пакуль усе нап'юцца».
І пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягоных.
І зараз жа выліла ваду са збана ў паіла, і пабегла зноў да студні зачэрпнуць вады, і начэрпала для ўсіх яго вярблюдаў.
І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.
Ён жа моўчкі са зьдзіўленьнем глядзеў на яе, каб пераканацца, ці ўшчасьлівіць Госпад падарожжа яго, ці не.
І сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх дзесяць сыкляў золата,
А калі вярблюды напіліся, дастаў ён залаты кольчык у паўсыкля вагі і разам узлажыў на яе рукі дзьве залатыя бранзалеты ў дзесяць сыкляў вагі,
і сказаў: «Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?»
і папытаўся: «Скажы мне, чыя ты дачка, і ці ў доме твайго бацькі знойдзецца месца для нас на начлег?»
І яна сказала яму: «Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору».
А яна сказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мількі, каторага яна нарадзіла Нахору».
І сказала яму: «Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць».
І дадала, кажучы: «Хопіць у нас саломы і пашы, а такжа месца на пераначаваньне».
І схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,
Тады чалавек той схіліў галаву і, пакланіўшыся Госпаду,
і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго».
сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлены Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Каторы ня ўхіліў міласэрдзя Свайго і вернасьці Сваёй ад гаспадара майго. Мяне ж Госпад прывёў да дому братоў гаспадара майго».
І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.
І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй усё, што здарылася,
А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. І пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.
А Рэбэка мела брата імем Лябан, каторы пасьпешна пайшоў да чалавека туды, дзе была крыніца.
І сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: «Гэтак гаварыў са мною чалавек той», дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.
Калі ўбачыў ён кольчык і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як Рэбэка гаварыла, што ёй той чалавек сказаў гэта, ён пайшоў да чалавека, каторы стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,
І сказаў [Ляван]: «Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў».
і сказаў яму: «Увайдзі, дабраслаўлены Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў».
І ўвайшоў чалавек той у дом. І [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.
І ўвёў яго ў сьвятліцу, а сам расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на ўмыцьцё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам зь ім.
І паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». І сказаў [Ляван]: «Кажы!»
Калі падалі таму чалавеку пасілак, ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй». І сказалі (яму): «Кажы».
І ён сказаў: «Я — слуга Абрагама.
І ён пачаў: «Я — слуга Абрагама.
І ГОСПАД вельмі дабраславіў пана майго, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.
Госпад дабраславіў у асаблівы спосаб майму гаспадару, дзеля таго стаўся ён багатым. Ён даў яму авечак і валоў, серабро і золата, слугаў і служанак, вярблюдаў і аслоў.
І нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.
А Сара, жонка ягоная, нарадзіла гаспадару майму сына ў сваёй старасьці. Яму вось аддаў ён усё, што меў.
І ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,
І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, што споўню яго даручэньне: «Ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананейскіх, у зямлі каторых жыву,
але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.
але падасіся ў дом бацькі майго і ў радню маю, і возьмеш адтуль жонку сыну майму».
І сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.
Я тады сказаў гаспадару майму: «А калі б жанчына не хацела са мной ісьці?»
І сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.
«Госпад, — кажа ён, — на віду ў Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. Возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.
Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”
Не вінаваты будзеш у клятве маёй, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад клятвы маёй».
І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.
Дык прыбыў я сёньня да крыніцы і сказаў: «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, у якой цяпер знаходжуся.
Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: "Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго",
Вось я стаю каля крыніцы вады; і дзяўчына выйдзе чэрпаць ваду, і я скажу ёй: «Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго».
а яна скажа мне: "І ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю", яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.
І скажа яна мне: «І ты пі, і вярблюды твае я напаю», — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго.
Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”
Заледзь перастаў я так у духу маліцца, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: «Дай мне крыху піць».
І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. І я піў, і вярблюдаў яна напаіла.
Яна хутка зьняла збан з пляча і сказала мне: «І ты пі, і дам напіцца вярблюдам тваім «. Напіўся я і напаіў вярблюдаў.
І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. І надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.
І спытаўся ў яе: «Чыя ты дачка?» Яна адказала: «Я — дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька». Дык павесіў я кольчыкі ў ноздры яе і ўзлажыў бранзалеты на рукі ейныя.
І я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.
І, упаўшы, пакланіўся Госпаду, дабраславячы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне простай дарогай, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну ягонаму.
І калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева».
Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасьць гаспадару майму, паведаміце мне, а калі не — скажыце, я тады падамся направа або налева».
І адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: «Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
Тады Лябан і Бэтуэль так адказалі: «Ад Госпада выйшла гэтае намярэньне; мы ня можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.
Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД».
Вось Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад».
І сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.
Калі пачуў гэта слуга Абрагама, упаў на зямлю і пакланіўся Госпаду.
І выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.
Затым, выняўшы серабраныя і залатыя рэчы і шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.
І елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. І ўсталі раніцаю, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да пана майго».
Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі зь ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы нараніцы, сказаў слуга: «Пусьціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго».
І сказаў брат ейны і маці ейная: «Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе».
Брат ейны і маці адказалі: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым адыйдзе».
І ён сказаў ім: «Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго».
«Не затрымоўвайце мяне, — кажа ён, — бо Госпад кіраваў дарогаю маёй. Адпусьціце мяне, каб я пасьпяшыў да гаспадара майго».
І яны сказалі: «Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе».
Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся пра яе волю».
І паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
Калі пакліканая прыйшла, запыталіся яе: «Хочаш ісьці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду».
І адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.
Дык адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і слугу Абрагама, і людей ягоных.
І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё ўспадкаеміць брамы ворагаў сваіх!»
І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, расьці ў тысячы тысячаў, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!»
І ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. І ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоў.
Тады Рэбэка і ейныя нявольніцы селі на вярблюдаў і падаліся ў дарогу за тым чалавекам. І слуга Абрагама забраў так Рэбэку, і выехаў.
І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.
А Ізаак, каторы ў той час жыў у Нэгэбе, акурат вяртаўся ад студні Ляхай-Рой.
І выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.
І выйшаў Ізаак на поле наадвячорак разагнаць думкі. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.
І ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.
Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і зьсела зь вярблюда.
І сказала слузе: «Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?» І сказаў слуга: «Гэта пан мой». І яна ўзяла вэлюм, і засланілася.
І папыталася ў слугі: «Што гэта за чалавек, што ідзе праз поле на спатканьне нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады Рэбэка ўзяла вэлюм і закрыла сабе твар.
І распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.
А слуга ўсё, што чыніў, расказаў Ізааку.
І ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.
І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была пацехай яму па сьмерці маткі яго.