Быццё 25 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура.
Абрагам узяў яшчэ іншую жонку імем Кетура.
І нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
Яна нарадзіла яму Зімрана, Екшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім.
А Екшан быў бацькам Шэбы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леюмім.
А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры.
А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Генох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.
І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку.
І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.
А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
Сыноў жа наложніцаў сваіх абдарыў дарамі і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцьці сваім, на ўсход.
І вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзясят пяць гадоў.
Абрагам пражыў сто семдзесят пяць гадоў.
І супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго.
І наблізіўся канец яго жыцьця, і памёр Абрагам у позьняй, але шчасьлівай старасьці, насычаны жыцьцём, і палучыўся са сваімі бацькамі.
І пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля, што насупраць Мамрэ, на полі Эфрона Хета, сына Цахара.
Ізаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, пахавалі яго ў пячоры Махпэля, на полі Эфрона, сына Цахара Гетыта зь мясцовасьці Мамрэ,
Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная.
якую Абрагам купіў ад сыноў Гета. Там пахаваны сам і Сара, жонка ягоная.
І сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой.
А па сьмерці яго дабраславіў Бог Ізааку, сыну ягонаму, каторы жыў каля студні Ляхай-Рой.
Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары.
А вось патомкі Ізмаэля, сына Абрагама, каторага нарадзіла Абрагаму Эгіпцянка Агар, нявольніца Сары.
І вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхніх, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,
Вось імёны сыноў Ізмаэля, імёны патомкаў іхніх: Нэбаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, Адбээль, і Мібсам.
Мішма, Дума, Маса,
Мішма, Дума і Масса,
Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
Гадад і Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх.
Вось сыны Ізмаэля, і такія разам мясцовасьці, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, дванаццаць князёў іх плямёнаў.
А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго.
Ізмаэль у сто трыццаць сем гадоў дайшоў да канца жыцьця, і памёр, і палучыўся з бацькамі сваімі.
І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён.
А патомкі яго пражывалі ад Хавілі аж да Шура, насупраць Эгіпту па дарозе ў Асырыю. І пасяліліся яны на віду ўсіх сваіх братоў.
А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака.
Гэта дзеі патомкаў Ізаака, сына Абрагама. Абрагам быў бацькам Ізаака.
І было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку.
Ізаак меў сорак гадоў, калі ўзяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, Арамейца з Паддан-Араму, сястру Лябана Арамейца.
І прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная.
І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і Рэбэка, жонка Ізаака, сталася цяжарнай.
І штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» І пайшла спытацца ў ГОСПАДА.
А калі біліся ў ейным улоньні дзеці, яна падумала: «Калі так бывае, дык чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада.
І сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы выйдуць з нутра твайго; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».
І Госпад адказаў ёй: «Два народы ў тваім лоне, і два народы выдзяляцца з нутра твайго: адзін будзе дужэйшы ад другога, і старэйшы будзе слугой малодшага».
І споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным.
Калі надыйшоў час родаў, выявілася, што ва ўлоньні яе двайняты.
І выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў.
І выйшаў першы сын чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі яго Эзаў.
Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.
Потым паказаўся брат яго, трымаючы Эзава за пяту. Таму дадзена яму імя Якуб. Ізаак меў шэсьцьдзесят гадоў, калі яны яму нарадзіліся.
І вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах.
А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым, чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.
І любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба.
Ізаак любіў Эзава, таму што любіў страву з упаляваных ім зьвяроў, а Рэбэка любіла Якуба.
І варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены.
Калі аднойчы Якуб варыў нейкую страву, надыйшоў з поля Эзаў надта змучаны
І сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом.
і прасіў Якуба: «Дай мне хоць крыху гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.
І сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё».
Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародзтва».
І сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што мне гэта першародзтва?»
Ён адказаў: «Калі ледзь не ўміраю з голаду, што мне паможа першародзтва?»
І сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу.
Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародзтва.
І Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.
І так атрымаў хлеб і сачэвіцу, зьеў і выпіў, і ўстаў, і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародзтва.