2 летапісаў 17 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго; і ён умацаваўся супраць Ізраіля.
 

І паставіў ён войска ў-ва ўсіх гарадах Юды, і паставіў залогі ў зямлі Юды і ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька ягоны.
 

І быў ГОСПАД з Язафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не шукаў Баалаў,
 

бо ён шукаў Бога бацькі свайго, і хадзіў паводле прыказаньняў Ягоных, а не паводле ўчынкаў Ізраіля.
 

І ўмацаваў ГОСПАД валадарства ў руцэ ягонай, і даваў увесь Юда дары Язафату, і было ў яго шмат багацьця і славы.
 

І ўзьнялося сэрца ягонае на шляхах ГОСПАДА; і ён таксама прыбраў узгоркі і Астартаў у Юдзе.
 

А ў трэці год валадараньня свайго ён паслаў князёў сваіх: Бэнхаіла, Абадыю, Захарыю, Натанаэля і Міхаю, каб яны вучылі ў гарадах Юды.
 

І з імі лявітаў: Шэмаю, Нэтанію, Зэвадыю, Асаэля, Шэмірамота, Еганатана, Адонію, Товію і Тоў-Адонію, лявітаў, і з імі Элішаму і Егарама, сьвятароў.
 

І яны вучылі ў Юдзе, і з імі [была] кніга Закону ГОСПАДА; і абыходзілі яны ўсе гарады Юды, і навучалі ў іх.
 

І быў страх ГОСПАДА на ўсіх валадарствах земляў, якія навокал Юды, і не ваявалі з Язафатам.
 

І ад Філістынцаў прыносілі Язафату дары і срэбра як даніну; таксама Арабы прыганялі да яго авечак, бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот.
 

І ўзьвялічыўся Язафат надзвычайна, і пабудаваў ён у Юдзе крэпасьці і гарады сьвірнаў.
 

Шмат было ў яго працаўнікоў у гарадах Юды, і людзей вайсковых, ваяроў мужных у Ерусаліме.
 

І вось попіс іхні паводле дамоў бацькоў іхніх. У Юды князі тысячаў: Адна, князь, і з ім трыста тысячаў ваяроў мужных;
 

і пры руцэ ягонай Егаханан, князь, і з ім дзьвесьце восемдзясят тысячаў;
 

і пры руцэ ягонай Амасія, сын Зіхры, які прысьвяціў сябе ГОСПАДУ, і з ім дзьвесьце тысячаў ваяроў мужных.
 

У Бэн’яміна: ваяр мужны Эліяда, і з ім узброеных лукам і шчытом дзьвесьце тысячаў;
 

і пры руцэ ягонай Егазавад, і з ім сто восемдзясят тысячаў узброенага войска.
 

Гэта тыя, якія служылі пры валадары, акрамя тых, якіх валадар паставіў у гарадах умацаваных у-ва ўсім Юдзе.