2 летапісаў 27 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дваццаць пяць гадоў [было] Ётаму, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока.
 

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Узія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у сьвятыню ГОСПАДА, а народ яшчэ ліхадзейнічаў.
 

Ён пабудаваў верхнюю браму Дому ГОСПАДА, і шмат пабудаваў на муры Афэла.
 

І ён пабудаваў гарады на гары Юды, і ў лясах паставіў крэпасьці і вежы.
 

І ён ваяваў з валадаром сыноў Амона, і перамог іх; і далі яму сыны Амона ў той год сто талентаў срэбра, і дзесяць тысячаў кораў пшаніцы, і ячменю дзесяць тысячаў [кораў]. Гэта давалі ізноў яму сыны Амона і на другі год, і на трэці.
 

І стаў моцным Ётам, бо ён падрыхтаваў шляхі свае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго.
 

А іншыя дзеяньні Ётама, і ўсе войны ягоныя, і шляхі ягоныя запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды.
 

Дваццаць пяць гадоў [было] яму, калі пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме.
 

І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І пачаў валадарыць Ахаз, сын ягоны, пасьля яго.