Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы [іх] рукамі.
 

А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»
 

І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
 

Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».
 

І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
 

І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
 

А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.
 

Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.
 

Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу ці загубіць?”»
 

І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.
 

А яны напоўніліся шалам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.
 

І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.
 

І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
 

Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
 

Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,
 

Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.
 

І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усёй Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,
 

якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх. І тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.
 

І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.
 

І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.
 

Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.
 

Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.
 

Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
 

Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.
 

Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.
 

Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.
 

Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,
 

дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.
 

І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.
 

Усякаму, хто просіць у цябе, давай; і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.
 

І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.
 

І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.
 

І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.
 

І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.
 

Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
 

Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
 

І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;
 

давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».
 

Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
 

Вучань не вышэй за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.
 

Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў воку тваім ня бачыш?
 

Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў воку сваім? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока свайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.
 

Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.
 

Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.
 

Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.
 

Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?
 

Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.
 

Ён падобны да чалавека, што будуе дом, і ён капаў, і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.
 

А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».