Ераміі 45 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Слова, якое прамовіў Ярэмія прарок да Баруха, сына Нэрыі, калі ён запісаў словы гэтыя ў кнігу з вуснаў Ярэміі ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:
 
Слова, якое сказаў прарок Ярэмія Баруху, сыну Нэрыі, калі запісаў ён у кнізе гэтыя словы з вуснаў Ярэміі ў чацвёртым годзе цара Юдэйскага Ёакіма, сына Осіі.

«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, да цябе, Барух.
 
«Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да цябе, Барух:

Ты кажаш: “Гора мне, бо ГОСПАД дадае смутку да болю майго. Я змучыўся ад уздыханьняў, не знаходжу супачыну!”
 
Ты кажаш: “Гора мне, беднаму, бо Госпад дадае смутку да майго болю. Я змучыўся ад уздыханняў сваіх, не знахожду супакою!”

Так скажаш яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я руйную тое, што пабудаваў, а тое, што пасадзіў, вырываю, усю зямлю гэтую.
 
Скажы яму так: “Гэта кажа Госпад: Вось, Я руйную, што пабудаваў, а што пасадзіў, тое вырываю, і так ва ўсёй зямлі гэтай.

А ты шукаеш для сябе вялікага? Не шукай! Бо вось, Я прыводжу ліха на кожнае цела, кажа ГОСПАД, а табе дам душу тваю як здабычу ў кожным месцы, куды ты пойдзеш”».
 
Ты, вось, шукаеш вялікага для сябе? Не шукай! Бо вось, навяду Я няшчасце на кожнае цела, — кажа Госпад, — але табе дам тваю душу, як здабычу, па ўсіх месцах, дзе колечы пойдзеш”».