Ераміі 48 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы.
Супраць Мааба. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Гора Нэба, бо ён знішчаны і асаромлены, і Карыятаім здабыты, асаромлена цвярдыня і напалохана».
Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч.
Няма больш славы ў Маабе! У Хесебоне задумляюць ліхоту супраць яго: «Хадзем, выгубім яго паміж народаў». Таксама і ты, Мадмен, замоўкнеш, ідзе за табою меч.
Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”.
Крык з Аранаіма: «Спусташэнне і вялікая бяда!»
Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару.
Мааб знішчаны, крык зрабіўся чутны аж да Цаара.
Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу:
Пры ўзыходжанні на Луіт узыходзяць, плачучы; на схіле Аранаіма ворагі чуюць галашэнне аб загубе:
“Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”.
«Уцякайце! Ратуйце душы свае, і будзеце, як тамарыск на пустыні.
За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам [з ім] сьвятары ягоныя і князі ягоныя.
За тое, што спадзяваўся ты на свае ўчынкі і свае багацці, ты таксама будзеш здабыты, і Хамос пойдзе на выгнанне, а разам з ім святары яго і князі яго».
І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і [ніводзін] горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо [гэта] сказаў ГОСПАД.
І прыйдзе нішчыцель у кожны горад, і ніводзін горад не ўратуецца; прападзе лагчына, і будзе знішчана даліна, бо гэта сказаў Госпад.
Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх.
Дайце крылы [Маабу], каб ён паляцеў, і гарады яго стануцца пустымі, і не будзе ў іх жыхароў.
Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві!
Пракляты, хто спаўняе справу Госпада нядбала! Пракляты, хто меч свой устрымлівае ад крыві!
Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.
Мааб быў бяспечны ад свайго маленства, і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і не быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не выходзіў на выгнанне. Таму захаваўся смак яго ў ім і водар яго не змяніўся.
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць [віно], і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць.
«Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я пашлю да яго паслугачоў, якія разліваюць віно ў збаны, і перальюць яны яго, і посуд яго апарожняць, і збаны яго патаўкуць.
І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся.
І пасаромеецца Мааб дзеля Хамоса, як дом Ізраэля пасаромеўся дзеля Бэтэля, на які спадзяваўся.
Як вы [можаце] казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”?
Як вы можаце казаць: “Мы дужыя і адважныя ў баі?”
Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Знішчаны Мааб, і гарады яго ўздымаюцца [попелам у паветра], і адборныя юнакі яго падаюць на зарэз, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго. —
Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная.
Набліжаецца загуба Мааба, і бяда яго надыходзіць хутка.
Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!”
Сумуйце дзеля яго ўсе, хто навокал яго, ды ўсе чыста, што ведаеце імя яго, кажыце: “Як жа зламалася жазло моцнае, кій слаўны?”
Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой [зямлі], дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае.
Сыдзі са славы сваёй і сядзі ў смазе, жыхарка, дачка Дыбона, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааба, і ён руйнуе цвярдыні твае.
Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?”
Стань ля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра; пытайся ўцекача, таго, хто ўратаваўся. Пытайся: “Што здарылася?”
Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў.
Мааб асаромлены, бо пераможаны, крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што знішчаны Мааб.
Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат,
Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Хелон, на Ясу, на Мэфаат,
на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім,
на Дыбон, на Нэба, на Бэтдыблатаім,
на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон,
на Карыятаім, на Бэтгамуль, на Бэтмэон,
на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія.
на Карыёт, на Босру ды на ўсе гарады зямлі Мааба, далёкія і блізкія.
Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД.
“Абрэзаны рог Мааба, і зломлена плячо яго, — кажа Госпад. —
Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам.
Напаіце яго, бо падняўся ён супраць Госпада, і хай паваліцца рукамі Мааб у ваніты свае і сам станецца пасмешышчам.
Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш?
Ці не быў табе ў насмешку Ізраэль? Хіба апынуўся ён між зладзеямі, што ты ківаў галавою, калі аб ім гаварыў?
Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы.
Пакідайце гарады і жывіце між скаламі, жыхары Мааба, і станьце падобнымі да галубкі, якая гняздзіцца ў адтулінах над бяздоннямі».
Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага.
Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што ганарысты ён вельмі, і пра фанабэрыстасць яго і нахабства, і пра ганарлівасць і пыху сэрца яго.
Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны.
«Я ведаю, — кажа Госпад, — яго дзёрзкасць, і што несправядлівая гаворка, і няшчырыя ўчынкі.
Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу.
Дзеля таго буду галасіць Я дзеля Мааба і дзеля ўсяго Мааба лямантаваць буду, і дзеля людзей Кірхарэса варта плакаць.
Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой.
Больш буду плакаць Я дзеля цябе, чым дзеля Язэра, вінаградніку Сабамы, бо парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да Язэра. Напаў нішчыцель на твой ураджай і на вінаград твой.
І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, [ніхто] яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня [ўжо] ня радасная песьня.
Спынілася радасць і пацеха ў садзе ў зямлі Мааба, і скончылася віно ў тоўчнях, ніколі больш выціскальнік вінаграду не заспявае звыклай песні.
Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой [зямлёю].
Ад крыку з Хесебона аж да Элеале і да Ясы ўздымаюць яны голас свой, ад Сэгора да Аранаіма і да Эглатсэліцыі, нават воды Нэмры высахнуюць.
Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім.
І вынішчу Я з Мааба, — кажа Госпад, — кожнага, хто складае ахвяру на ўзгорках і паліць кадзіла багам сваім.
Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала.
Таму вось сэрца Маё заенчыць дзеля Мааба, як жалейка, і дзеля людзей з Кірхарэса загучыць голасам флейтаў, бо багацце, якое набылі яны, прапала.
Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца.
Кожная бо галава аблысее, і кожная барада абголіцца, на ўсіх руках — нарэзы і на сцёгнах — зрэбніца.
На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд [гліняны], які не падабаецца, кажа ГОСПАД.
На ўсіх дахах Мааба і на вуліцах яго лямант агульны, бо Я раструшчыў Мааба, як пасудзіну, якая нікому не падабаецца, — кажа Госпад. —
Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал.
Як ён пераможаны, што ўсе галосяць! Як Мааб кінуўся наўцёкі і быў асаромлены! Стане Мааб насмешкаю і страхоццем для ўсіх навакол сябе».
Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам.
Гэта кажа Госпад: «Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маабам.
Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае.
Гарады здабыты, і крэпасці захоплены. І сэрца волатаў Мааба будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны парадзіхі.
І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА.
І перастане Мааб быць народам, бо ўзганарыўся супраць Госпада.
Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД.
Жах, яма і пастка на цябе, жыхар Мааба, — кажа Госпад. —
Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.
Хто ўцячэ ад жаху — упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы — будзе схоплены ў пастку, бо Я навяду на Мааба год кары іх, — кажа Госпад. —
У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту.
У засені Хесебона спыніліся знясіленыя ўцекачы, але агонь вырваўся з Хесебона, а полымя — з нутра Сэгона, і праглынае бакі Мааба і галовы сыноў бунту.
Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі.
Гора табе, Маабе! Загінуў народ Хамоса, бо сыны твае і дочкі твае ўзяты ў няволю.
Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОСПАД. Аж дасюль суд над Маавам».
Але Я змяню лёс Мааба ў будучых днях, — кажа Госпад». Дасюль суд над Маабам.