Міхея 7 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Гора мне! Я стаўся як недазьбіраная [садавіна] летняя, як рэшта ад збору вінаграду, няма гронкі на ежу, [няма] сьпелай фігі, якой жадае душа мая.
 
Гора мне, бо сталася ў мяне, як пасля збору ўраджаю, як пасля збору вінаграду! Ані аднае ягады, каб з’есці, ані аднае спелае фігі, якой прагне душа мая.

Загінуў багабойны на зямлі, і няма правага сярод людзей; усе цікуюць на кроў; кожны палюе на брата свайго, [ставячы] пастку.
 
Знік з зямлі богабаязны, і няма між людзьмі праўдзівага; усе без вынятку цікуюць на кроў, кожны ставіць сетку на брата свайго.

Да зла [скіраваныя] абедзьвума рукамі, каб рабіць яго спраўна, князь вымагае [хабару], і судзьдзя [вымагае] платы, і вялікі выказвае згубнае [жаданьне] душы сваёй, і выкрыўляюць усё.
 
На ліхоту рукі іх гатовыя; князь вымагае падарункаў, і суддзя судзіць за хабар, і магнат выказвае жаданне душы сваёй; гора тым, хто робіць гэта!

Найлепшы з іх — як церне, правы — як жываплот. Дзень вартаўнікоў Тваіх і наведваньня Твайго надыйшоў; цяпер будзе зьбянтэжанасьць у іх.
 
Найлепшы з іх — як цярніна, і праўдзівы — як шып з агароджы; дзень вартаўнікоў Тваіх, час наведвання Твайго прыйшоў: цяпер апануе сорам іх.

Ня верце бліжняму, не спадзявайцеся на сябра; ад той, якая ляжыць на ўлоньні тваім, захоўвай дзьверы вуснаў тваіх.
 
Не верце прыяцелю, не спадзявайцеся на блізкага, ды ад той, якая спіць у абдымках тваіх, сцеражы дзверы вуснаў сваіх;

Бо сын зьневажае бацьку, дачка паўстае супраць маці сваёй, нявестка — супраць сьвякрыві сваёй, і ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
 
бо сын зневажае бацьку, дачка працівіцца маці сваёй, нявестка — свекрыві сваёй: ворагі чалавеку — хатнія яго.

А я буду глядзець на ГОСПАДА, буду спадзявацца на Бога збаўленьня майго. Бог мой пачуе мяне.
 
А я буду выглядаць Госпада, буду чакаць Бога, Збаўцу майго; Бог мой выслухае мяне.

Ня радуйся з мяне, вораг мой! Хоць я ўпаў, я ўстану; хоць я жыву ў цемры, ГОСПАД — сьвятло для мяне.
 
Не цешся з мяне, непрыяцелька мая, што я ўпаў, я ўстану; калі сяджу ў цемры, то Госпад — святло маё!

Гнеў ГОСПАДА я буду насіць, бо я зграшыў супраць Яго, аж пакуль Ён не разгледзіць справу маю і не правядзе суд мой. Ён вывядзе мяне на сьвятло, я ўбачу праведнасьць Ягоную.
 
Мушу цярпець гнеў Госпада, бо зграшыў я супраць Яго, аж пакуль Ён не вырашыць справу маю і не правядзе суда нада мной; выведзе Ён мяне на святло, і ўбачу я справядлівасць Яго.

І ўбачыць [гэта] вораг мой, і пакрые сорам таго, які сказаў мне: «Дзе ГОСПАД, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яго, цяпер патопчуць яго, як балота на вуліцах.
 
І калі ўбачыць гэта непрыяцелька мая — засаромеецца, яна бо казала мне: “Дзе Госпад, Бог твой?” Вочы мае будуць глядзець на яе; цяпер будзе яна стаптана, як смецце на вуліцах.

У дзень, калі агароджа твая будзе пабудаваная, у той дзень далёка пашырыцца пастанова [Божая].
 
Прыйдзе дзень, калі будуць адбудаваны муры твае; у той дзень будуць пашыраны межы твае.

У той дзень прыйдуць да цябе і з Асірыі, і аж да гарадоў умацаваных, і ад гарадоў умацаваных аж да ракі, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
 
У той дзень прыйдуць да цябе пражываючыя ад Асірыі аж да Егіпта і ад Егіпта аж да ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары.

Але будзе зямля на спусташэньне за жыхароў ейных, за плады ўчынкаў іхніх.
 
А зямля будзе спустошана дзеля жыхароў яе і дзеля пладоў учынкаў іх.

Пасьві народ Твой дубцом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць асобна ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасьвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у дні старадаўнія.
 
Пасві народ Твой кіем Тваім, статак спадчыны Тваёй, пражываючых самотна ў лесе сярод садоў; хай пасвяцца яны ў Басане і Галаадзе, як у дні даўнія.

Як у дні выхаду ягонага з зямлі Эгіпецкай, Я пакажу яму цуды.
 
Як у дзень выхаду Твайго з зямлі Егіпецкай пакажы нам цуды.

Убачаць народы і будуць асаромленыя з усёю моцаю сваёю; паложаць руку на вусны, вушы іхнія стануцца глухія.
 
Убачаць гэта народы і засаромеюцца, нягледзячы на ўсю моц сваю, паложаць руку на вусны, вушы іх стануць глухімі;

Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.
 
будуць пыл лізаць, як той вуж, як паўзуны зямныя. Выйдуць, дрыжучы, з умацаванняў сваіх перад аблічча Госпада, Бога нашага, і будуць яны калаціцца і баяцца Цябе.

Які Бог падобны да Цябе, Які даруеш беззаконьне і абмінаеш віну рэшты спадчыны Тваёй, Які трымаеш заўсёды гнеў Твой, бо маеш упадабаньне ў міласэрнасьці?
 
Які Бог падобны да Цябе, Які прабачаеш правіннасць і адпускаеш грэх астатку спадчыны Сваёй? Не трывае Ён навекі ў абурэнні Сваім, бо спагадны ў міласэрнасці Сваёй.

Ён павернецца, зьявіць нам міласьць, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты кінеш у глыбіні мора ўсе грахі нашыя.
 
Ён злітуецца і пашкадуе нас, сатрэ правіннасці нашы і ўкіне ў глыбіню марскую ўсе грахі нашы.

Ты зьявіш праўду Якубу, міласэрнасьць Абрагаму, як прысягнуў бацькам нашым у дні даўнейшыя.
 
Ты выявіш Тваю вернасць Якубу, міласэрнасць — Абрагаму, як прысягаў бацькам нашым у дні старадаўнія.