Сафона 2 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Зьбярыцеся, зьбярыцеся, народзе бяз сораму,
Сыдзіцеся, збярыцеся, народ нелюбімы,
перш, чым народзіцца пастанова і як мякіна праміне дзень, перш, чым прыйдзе на вас ярасьць гневу ГОСПАДА, перш, чым прыйдзе на вас дзень гневу ГОСПАДА.
перш чым будзеце рассыпаны, як пыл, які разыходзіцца, пакуль не прыйшоў на вас гнеў абурэння Госпада, перш чым прыйдзе на вас дзень абурэння Госпада.
Шукайце ГОСПАДА, усе пакорныя зямлі, якія спаўняеце суд Ягоны; шукайце праведнасьці, шукайце ўпакораныя. Можа, вы схаваецеся ў дзень гневу ГОСПАДА.
Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада.
Бо Газа будзе пакінутая, і Ашкелон спустошаны, Ашдод апоўдні будзе выгнаны, і Экрон будзе выкарэнены.
Бо Газа будзе пакінута, і Аскалон апусцее, Азот апоўдні будзе выгнаны, і Акарон выкарчаваны будзе.
Гора жыхарам узьбярэжжа мора, народу Крыту! Слова ГОСПАДА на вас, Ханаан, зямля Філістынцаў! Я зьнішчу цябе, што ня будзе каму жыць.
Гора тым, што жывуць на березе мора, народу крыцкаму! Слова Госпада супраць вас, Ханаан, зямля Філістынская: «Я знішчу цябе так, што не застанецца жыхара».
І будзе ўзьбярэжжа мора пашаю, жытлом для пастухоў і загарадкамі для авечак.
І бераг мора стане месцам адпачынку для пастухоў і выганам для быдла.
І будзе ўзьбярэжжа для рэшты дому Юды, будуць пасьвіць на ім, у дамах Ашкелону будуць супачываць увечары, бо наведае іх ГОСПАД, Бог іхні, і верне палонных іхніх.
І будзе бераг марскі для астатку з дому Юды: там будуць яны пасвіць, у дамах Аскалона будуць увечары адпачываць, бо наведае іх Госпад, Бог іх, і пераменіць долю іх.
«Я чуў ганьбаваньні Маава і зьнявагі сыноў Амона, якімі яны зьневажалі народ Мой і ўзьвялічваліся на мяжы іхняй.
«Пачуў Я кпіны Мааба і лаянку сыноў Амона, якія зняважылі народ Мой і ўзвысіліся ў межах сваіх.
Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Мааў будзе як Садом і сыны Амона — як Гамора, месцам крапівы і капальняй солі, і пусткаю на вякі. Рэшта народу Майго абрабуе іх, і пазасталыя з народу Майго возьмуць у спадчыну іх».
Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, — Мааб будзе, як Садом, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам церняў і капальняй солі ды пустыняй навечна; астатак народа Майго возьме іх, як здабычу, і рэшта народа Майго атрымае іх у спадчыну».
Гэта ім за пыху іхнюю, за тое, што яны зьневажалі і вывышаліся па-над народам ГОСПАДА Магуцьцяў.
Гэта напаткае іх за іх пыху, за тое, што здзекаваліся і ўзвысіліся па-над народам Госпада Магуццяў.
Страшны будзе ГОСПАД для іх, бо схуднеюць усе богі зямлі, і паклоніцца Яму кожны на месцы сваім, усе астравы народаў.
Страшным будзе Госпад для іх, бо Ён знішчыць усіх багоў зямлі; і будуць пакланяцца Яму, кожны на сваім месцы, усе астравы паганаў.
І вы, Кушане, будзеце забітыя мячом Маім.
«Але і вы, этыёпцы, будзеце пазабіваныя мечам Маім».
І Ён выцягне руку Сваю на поўнач, зьнішчыць Асірыю, і Нініву зробіць пусткаю, сухой, як пустыня.
Ды выцягне Ён руку Сваю на поўнач і знішчыць Асірыю; і Нініву зменіць у пустэчу і ў месца сухое, як тая пустыня.
І будуць ляжаць сярод яе чароды і ўсе жывёлы народаў, і пэлікан і вожык будуць начаваць на аздобах ейных, голас іхні будзе гучаць з вокнаў; сухія [трэскі будуць] у парогах, бо адарвуць кедравую [шалёўку ейную].
І будуць вылежвацца ў ёй статкі ўсякіх звяроў. І пелікан, і сава будуць начаваць на капітэлях яе; голас іх загікае ў акне, разбурэнне на парозе, бо кедравая шалёўка была знішчана.
Гэта горад вясёлы, які жыве бясьпечна, які кажа ў сэрцы сваім: «Я, і няма больш [нікога]». Вось, ён стаў пусткаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, хто праходзіць каля яго, сьвісьне і махне рукою сваёй.
Гэта гаманлівы горад, які жыве бяспечна, які казаў у сэрцы сваім: «Я — і, акрамя мяне, ніхто больш!» Як стаў ён пустэчаю, лежбішчам дзікіх звяроў? Кожны, хто праз яго праходзіць, засвішча і рукою сваёй махне.