Другі закон 10 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
У гэты час сказаў мне ГОСПАД: “Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару, і зрабі таксама каўчэг з дрэва.
У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, і ўзыдзі да Мяне на гару і зрабі каўчэг з дрэва.
Я напішу на табліцах словы, якія былі на першых табліцах, якія ты разьбіў, і ты ўложыш іх у каўчэг”.
І напішу Я на табліцах словы, што былі на тых, якія ты перад гэтым пабіў, а ты пакладзеш іх у каўчэг”».
І я зрабіў каўчэг з дрэва акацыі, і вычасаў дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, [маючы] ў руках дзьве табліцы.
Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і калі вычасаў дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, то ўзышоў на гару, трымаючы іх у руках.
І напісаў [Госпад] на табліцах падобна, як раней напісаў, Дзесяць Словаў, якія прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу. І даў мне іх ГОСПАД.
І напісаў Ён на табліцах падобна, як было раней напісана Ім, Дзесяць выслоўяў, якія абвясціў вам Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі сабраўся народ, і даў іх мне.
І я разьвярнуўся, і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і яны засталіся там, як мне загадаў ГОСПАД.
Я павярнуўся і сышоў з гары, і паклаў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там знаходзяцца яны аж дагэтуль, як мне загадаў Госпад.
А сыны Ізраіля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр Аарон і быў пахаваны, а Элеазар, сын ягоны, стаў сьвятаром замест яго.
А сыны Ізраэля зняліся лагерам з Бэрота сыноў Якана ў Масэру, там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеязэр, стаў святаром замест яго.
Адтуль мы прыйшлі ў Гудгоду, а з Гудгоды — у Ётбату, у зямлю ручаёў водных.
Адтуль прыбылі ў Гадгад: з таго месца выправіліся і сталі лагерам у Етэбаце, у зямлі водных крыніц.
У гэты час ГОСПАД аддзяліў калена Левія, каб яны насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб стаялі перад абліччам ГОСПАДА і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень.
У гэты час Госпад аддзяліў пакаленне Леві, каб насілі каўчэг запавету Госпада і каб яны стаялі перад Ім на службе і дабраслаўлялі ў імя Яго па сённяшні дзень.
Дзеля таго Левій ня мае часткі [зямлі], ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына ягоная — ГОСПАД, як прамовіў да яго ГОСПАД, Бог твой.
Дзеля таго Леві не мае часткі ані спадчыны з братамі сваімі, бо спадчына яго — Сам Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
І я стаяў на гары, як у ранейшыя дні, сорак дзён і сорак начэй, і таксама ў гэты раз выслухаў мяне ГОСПАД, і не захацеў ГОСПАД выгубіць цябе.
І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і нават у гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
І сказаў ГОСПАД мне: “Устань, ідзі і ачольвай народ, каб яны пайшлі і завалодалі зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”.
І сказаў Ён мне: «Устань, ідзі і ачаляй народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, пра якую Я прысягнуў бацькам іх, каб перадаць ім».
І цяпер, Ізраіль, чаго жадае ад цябе ГОСПАД, Бог твой? Каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў усімі шляхамі Ягонымі, любіў Яго і служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Яго, ды любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй,
каб выконваў ты прыказаньні ГОСПАДА і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, каб добра [было] табе.
ды каб выконваў загады Госпада і прыказанні Яго, якія я сёння загадваю, каб добра было табе.
Вось, ГОСПАДУ, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
Вось, Госпаду, Богу твайму, належаць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
Толькі да бацькоў тваіх прыхінуўся ГОСПАД і палюбіў іх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, выбраў вас з усіх народаў, як [гэта ёсьць] сёньня.
Ды, аднак жа, да бацькоў тваіх прыхінуўся Госпад і ўзлюбіў іх ды выбраў нашчадкаў іх па іх, значыць вас, з усіх народаў, як сёння гэта было пацверджана.
Дык абрэжце скуравінку сэрца вашага і не рабіце больш цьвёрдым карку вашага,
Дык абрэжце край сэрца вашага і карак ваш, каб больш не зацвярдзелі,
бо ГОСПАД, Бог ваш, — Бог багоў і Госпад гаспадароў, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць на аблічча, і не бярэ падарункі.
бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць ні на асобу, ані на падарункі.
Ён дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, даючы яму хлеб і адзеньне.
Ён чыніць справядлівасць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзенне.
І вы любіце прыхадня, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі прышэльцамі ў зямлі Егіпецкай.
ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.
Госпада, Бога твайго, бойся і Яму служы, да Яго туліся і імем Яго прысягай.
Ён — хвала твая і Бог твой, Ён учыніў дзеля цябе вялікія і жудасныя [рэчы], якія бачылі вочы твае.
Ён — слава твая і Бог твой, Які творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
[Маючы] семдзясят душаў, зыйшлі бацькі твае ў Эгіпет, а цяпер памножыў цябе ГОСПАД, Бог твой, як зоркі ў небе.
У сямідзесяці душах перасяліліся бацькі твае ў Егіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.