1 да Карынфянаў 9 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы — не мая справа ў Госпадзе?
 
Ці я не свабодны? Ці я не апостал? Ці ж я не бачыў Ісуса, Госпада нашага? Ці ж не вы — справа мая ў Госпадзе?

Калі для другіх я не апостал, але не для вас; бо пячатка майго апостальства — гэта вы ў Госпадзе.
 
Калі іншым я не апостал, вам я апостал; бо вы — пячатка майго апасталавання ў Госпадзе.

Вось такая мая абарона перад тымі, якія судзяць мяне.
 
Вось жа мая абарона перад тымі, што мяне асуджаюць.

Ці мы ня маем улады есьці і піць?
 
Ці ж мы не маем улады есці і піць?

Ці ня маем улады хадзіць з сястрою жонкаю, як і пазасталыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
 
Або не маем улады браць з сабою жонку, сястру, падобна як гэта робяць іншыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?

Ці адзін я і Барнаба ня маем улады не працаваць?
 
Ці толькі я адзін і Барнаба не маем улады не працаваць?

Хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасе статак і ня есьць малака ад статку?
 
Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? Або хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасе статак ды не есць малака статка?

Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і Закон?
 
Ці толькі па-чалавечы кажу я гэта? Ці ж не гаворыць пра гэта і закон?

Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
 
Вось жа, у законе Майсея напісана: «Не завязвай пысу валу, што малоціць». Ці пра валоў толькі рупіцца Бог?

Ці дзеля нас наогул гаворыць? Бо дзеля нас напісана, што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і той, хто малоціць, [малаціць] з надзеяй атрымаць тое, на што спадзяецца.
 
Ці гэта не сказаў адносна нас? Так, дзеля нас напісана, што араты павінен з надзеяй араць і малацьбіт [малаціць] з надзеяй атрымаць плод.

Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
 
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі мы пажнём ваша цялеснае?

Калі другія атрымліваюць уладу над вамі, ці ня больш мы? Але мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё вытрымліваем, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
 
Калі іншыя маюць удзел ва ўладзе над вамі, дык чаму тым больш не мы? Аднак мы не карыстаемся гэтай уладай, але зносім усё, каб не прычыніць шкоды Евангеллю Хрыстову.

Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія пры сьвятым працуюць, ядуць са сьвятыні? Што тыя, якія паслугуюць пры ахвярніку, бяруць частку ад ахвярніка?
 
Ці ж не ведаеце, што тыя, што працуюць пры святыні, ядуць тое, што са святыні, а тыя, што паслугуюць пры ахвярніку, бяруць долю з ахвярніка?

Гэтак і Госпад загадаў тым, якія абвяшчаюць Эвангельле, жыць ад Эвангельля.
 
Так і Госпад загадаў, каб тыя, што вясцяць Евангелле, з Евангелля жылі.

Але я нічым з гэтага не скарыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак было для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым каб хто прынізіў пахвалу маю.
 
Але я не карыстаўся анічым з гэтага. А напісаў я гэта, не каб гэтак сталася для мяне; добра было б мне лепш памерці, чым дазволіць, каб хто пазбавіў мяне гэтай славы.

Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, няма мне чым хваліцца, бо абавязак ляжыць на мне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
 
І, калі я абвяшчаю Евангелле, няма мне славы; бо гэты абавязак ляжыць на мне. Бо гора мне, калі я не абвяшчаю добрую вестку.

Бо калі я раблю гэтае сваёй ахвотай, маю нагароду, а калі супраць волі, [выконваю] даверанае гаспадараваньне.
 
Калі я гэта раблю са сваёй волі, маю ўзнагароду; а калі я гэта раблю не па сваёй волі, дык выконваю толькі даручанае мне служэнне.

Дык якая мая нагарода? Што, дабравесьцячы, бяз платы выкладаю Эвангельле Хрыстовае, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Эвангельлі.
 
Дык якая мне ўзнагарода? Вось, прапаведуючы, абвяшчаю Евангелле без платы, не карыстаюся ўладаю, якую дае мне Евангелле.

Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць.
 
Бо, будучы вольным ад усіх, стаўся я нявольнікам усіх, каб тым больш іх здабыць.

І я стаўся для Юдэяў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для тых, якія пад Законам, — як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам;
 
Для юдэяў быў я як юдэй, каб прыцягнуць юдэяў; для тых, што трымаюцца закону, стаўся паслугачом закону, хоць сам не ёсць пад законам, каб прыцягнуць тых, што пад законам;

для тых, якія без Закону, — як без Закону, ня будучы без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону;
 
для тых, што без закону, быў як без закону, хоць сам не без Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што без закону.

я стаўся для тых, якія слабыя, як слабы, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць.
 
Для кволых стаўся я кволым, каб прыцягнуць кволых; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.

А гэта я раблю дзеля Эвангельля, каб стацца ўдзельнікам яго.
 
Усё гэта раблю я дзеля Евангелля, каб быць удзельнікам яго.

Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць.
 
Няўжо вы не ведаеце, што бягучыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць.

А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы — незьнішчальны.
 
Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, ва ўсім сабе адмаўляе; яны — каб атрымаць вянец знішчальны, а мы — незнішчальны.

Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б’ючы,
 
Дык я бягу не як да няпэўнага, б’юся не так, як бы паветра б’ючы,

але я вымучваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца нявартым.
 
але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы іншых, сам не стаўся нявартым.