1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».
Вернае слова: калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае.
Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,
Епіскапу належыць быць беззаганным, мужам аднае жонкі, цвярозым, разумным, сумленным, гасцінным, вучыцельным;
ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,
не п’яніцаю, не задзіраю, [не карыслівым,] але далікатным, не сварлівым, не сквапным,
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.
добрым гаспадаром уласнага дому, які трымае ў паслухмянасці дзяцей з усякай пашанай, —
А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?
бо калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай? —
[Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.
не можа быць з нованавернутых, каб не ўзбіўся ў пыху і не трапіў на суд разам з д’яблам.
Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.
Яму належыць мець добрае сведчанне ад тых, што навокал, каб не трапіў у пагарду і ў пастку д’ябла.
Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,
Таксама і дыяканы [хай будуць] паважныя, не двуязычныя, не прагавітыя да віна, не сквапныя да нажывы,
якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
якія захоўваюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.
І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, калі не будуць мець ніякай правіны, хай служаць.
Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.
Падобна і жанчыны — паважныя, не абмоўныя, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,
Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі сваімі і сваім домам.
бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
Тыя, што добра спаўняюць служэнне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасць у веры, якая ёсць у Хрысце Ісусе.
Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.
Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаванне праўды.
І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
Ды агульна прызнана, што вялікая таямніца пабожнасці: [Бог] аб’явіўся ў целе, засведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў свеце, узнесены ў славе.