1 царстваў 29 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І сабралі Філістынцы ўсе дружыны свае ў Афэку, а Ізраільцяне разлажыліся табарам каля крыніцы, якая ў Езрээлі.
І сабралі філістынцы ўсе дружыны каля Афэка; але і ізраэльцы расклаліся лагерам каля крыніцы, якая была ў Езрагэлі.
І валадары Філістынскія крочылі на чале сотняў і тысячаў, а Давід з ваярамі сваімі крочыў у канцы, пры Ахішу.
Да таго ж князі філістынскія стаялі на чале сотняў і тысяч; а Давід са сваімі ваярамі ішоў у апошняй дружыне з Ахісам.
І сказалі князі Філістынскія: «Што гэта за Гебраі?» І сказаў Ахіш князям Філістынскім: «Гэта Давід, слуга Саўла, валадара Ізраіля, які ў мяне ўжо год ці два, і я не знайшоў у ім нічога такога ад дня, у які ён прыйшоў, аж да гэтага дня!»
І казалі князі філістынскія: «Што гэта за гебраі?» А Ахіс тлумачыў князям філістынскім: «Ці ж гэта не Давід, які быў паслугачом Саўла, цара Ізраэля, і які ўжо шмат дзён і нават гадоў быў у мяне, і я не знайшоў у ім нічога ад дня, у які прыйшоў ён да мяне, аж да гэтага дня?»
І загневаліся на яго князі Філістынскія, і сказалі яму князі Філістынскія: «Выпраў [адсюль] гэтага чалавека, і няхай ён вернецца на месца сваё, якое ты вызначыў яму, і няхай ён не ідзе з намі ў бой, каб ня стаўся ён супраціўнікам нашым. Якім чынам ён можа вярнуць ласку гаспадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей?
Але загневаліся на яго князі філістынскія і казалі яму: «Хай вернецца гэты чалавек і сядзіць на сваім месцы, дзе пасадзіў ты яго, і хай не ідзе з намі ў бой, каб не стаўся ён нашым ворагам, калі пачнём біцца. Бо якім чынам інакш мог бы ён вярнуць ласку валадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей?
Ці ж гэта ня той самы Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: “Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў”?»
Ці ж гэта не той самы Давід, якому спявалі пры танцах, кажучы: “Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”»
І паклікаў Ахіш Давіда, і сказаў яму: «Як жывы ГОСПАД! Ты — справядлівы і добры ў вачах маіх, ты выходзіў і вяртаўся разам са мною ў табар, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыйшоў да мяне, аж да гэтага дня. Але ў вачах князёў ты нядобры.
І паклікаў Ахіс Давіда, і сказаў яму: «Жыве Госпад: бо ты праўдзівы, і добры ў маіх вачах твой выхад і тваё вяртанне разам са мною ў лагер, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыбыў да мяне, аж да гэтага дня. Але князям ты не падабаешся.
Дык цяпер вярніся, і ідзі ў супакоі, і ня будзь ліхім у вачах валадароў Філістынскіх».
Такім чынам, вярніся і ідзі ў супакоі, і не зневажай вачэй князёў філістынскіх».
І сказаў Давід Ахішу: «Што я зрабіў, або што знайшоў ты ў слузе тваім ад дня, калі я прыйшоў перад аблічча тваё, аж да гэтага дня, каб ня мог я ісьці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, валадара?»
І сказаў Давід Ахісу: «Што ж я зрабіў, і што знайшоў ты ў паслугачы тваім ад дня, калі я прыйшоў да цябе, аж да гэтага дня, каб не мог я ісці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, цара?»
І адказаў Ахіш, і сказаў Давіду: «Ведаю, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы, але валадары Філістынскія сказалі: “Няхай не ідзе ён з намі ў бой”.
У адказ Ахіс сказаў Давіду: «Ведаю я, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы; але князі філістынскія сказалі: “Хай не ідзе ён з намі ў бой”.
І цяпер устань раніцаю ты і слугі гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і ўстаньце вельмі рана, і калі пачне днець, адыйдзіце [адсюль]».
Такім чынам, устань раніцай ты і паслугачы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і, калі ўстанеце ўночы і пачне днець, адыдзіце адсюль».
І ўстаў рана Давід і людзі ягоныя, каб вырушыць у дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А Філістынцы пайшлі ў Езрээль.
Дык ноччу ўстаў сам Давід і людзі яго, каб выбрацца ў дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А філістынцы пайшлі ў Езрагэль.