Выхад 11 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Яшчэ адну загубу Я навяду на фараона і на Эгіпет. Пасьля гэтага ён адпусьціць вас адгэтуль. Калі ён будзе адпускаць вас, выганяючы, выганіць вас адгэтуль.
 

Прамоў, прашу, у вушы народу, і няхай мужчына папросіць у бліжняга свайго, і жанчына — у бліжняй сваёй начыньне срэбнае і начыньне залатое».
 

І даў ГОСПАД ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, таксама гэты чалавек Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Эгіпецкай, у вачах слугаў фараона і ў вачах народу.
 

І сказаў Майсей: «Гэтак кажа ГОСПАД: “Апоўначы Я прайду пасярод Эгіпту.
 

І памрэ кожны першародны ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзіць на пасадзе сваім, да першароднага нявольніцы, якая пры жорнах, і ўсе першародныя скаціны.
 

І будзе крык вялікі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай такі, што падобнага да яго не было і падобнага да яго больш ня будзе.
 

А ў сыноў Ізраіля не варухне сабака языком сваім ані на чалавека, ані на скаціну, каб вы ведалі, што робіць адрозьненьне ГОСПАД паміж Эгіптам і Ізраілем”.
 

І прыйдуць усе гэтыя слугі твае да мяне, і паклоняцца мне, кажучы: “Выйдзі ты і ўвесь народ, які каля ног тваіх”, і пасьля гэтага я выйду». І выйшаў [Майсей] ад фараона, палаючы гневам.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Не паслухае вас фараон, каб памножыліся цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай».
 

І Майсей і Аарон зрабілі ўсе цуды гэтыя перад фараонам, і зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля з зямлі сваёй.