Выхад 15 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Тады засьпяваў Майсей і сыны Ізраіля гэты сьпеў ГОСПАДУ, і сказалі, кажучы: «Засьпяваю ГОСПАДУ, бо, узьвялічваючыся, узьвялічыўся Ён; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора.
Сіла мая і песьня — ГОСПАД, і Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Ён — Бог мой, і я ўслаўляю Яго, [Ён —] Бог бацькі майго, і я вывышаю Яго.
ГОСПАД — Муж вайны, ГОСПАД — імя Ягонае.
Калясьніцы фараона і войска ягонае Ён укінуў у мора, і выборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным.
Бездані пакрылі іх, яны пайшлі ў глыбіні, як камень.
Правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, праславілася моцаю; правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, скрышыла ворага.
І ў велічы маестату Твайго Ты зруйнаваў тых, што паўсталі супраць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён спаліў іх, як салому.
І ад подыху гневу Твайго сабраліся воды, сталіся як копы струмяні, сьселіся бездані ў сэрцы мора.
Вораг сказаў: “Буду гнацца, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, выхаплю меч мой, схопіць іх рука мая”.
Ты павеяў духам Тваім, і пакрыла іх мора. Яны патанулі, як волава, у водах магутных.
Хто, як Ты, ГОСПАДЗЕ, між багамі? Хто, як Ты, праслаўлены ў сьвятасьці, страшны ў хвале, Той, Які робіць цуды?
Ты выцягнуў правіцу Тваю, праглынула іх зямля.
Ты вёў у міласэрнасьці Тваёй народ, які Ты адкупіў, прывёў сілаю Тваёю ў жытло сьвятасьці Тваёй.
Пачулі народы, задрыжалі; болі ахапілі жыхароў Філістынскіх.
Тады спалохаліся князі Эдому, моцных Мааву ахапіла дрыжаньне, млеюць усе жыхары Ханаану.
Няхай ахопіць іх жах і баязьлівасьць. Ад вялікасьці рамяна Твайго замоўкнуць яны як камень, аж пакуль пройдзе народ Твой, ГОСПАДЗЕ, пакуль пройдзе народ гэты, які Ты набыў [для Сябе].
Ты завядзеш іх і пасадзіш іх на гары спадчыны Тваёй, на месцы, якое Ты, ГОСПАДЗЕ, учыніў на жытло, сьвятыню, Госпадзе, якую ўгрунтавалі рукі Твае.
ГОСПАД будзе валадарыць на вякі вечныя.
Бо ўвайшоў конь фараона з калясьніцамі ягонымі і з вершнікамі ягонымі ў мора, і абрынуў ГОСПАД на іх воды мора, а сыны Ізраіля прайшлі па сухому па сярэдзіне мора».
І ўзяла Мірыям прарочыца, сястра Аарона, бубен у руку сваю, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і танцамі.
І адказала ім Мірыям: «Сьпявайце ГОСПАДУ, бо ўзьвялічваючыся, узьвялічыўся Ён; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора».
І павёў Майсей Ізраіль ад мора Чырвонага, і яны ўвайшлі ў пустыню Шур; і ішлі яны тры дні па пустыні, і не знайшлі вады.
І прыйшлі ў Мару, і не маглі піць ваду ў Мары, бо яна была горкая; таму назвалі яе Мара.
І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
І клікаў [Майсей] да ГОСПАДА, і паказаў яму ГОСПАД дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і стала салодкая вада. Там Ён даў яму пастановы і суд, і там выспрабаваў яго,
і сказаў: «Калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і робячы, будзеш рабіць тое, што правільнае ў вачах Ягоных, і прыхіліш вуха да прыказаньняў Ягоных, і будзеш захоўваць усе пастановы Ягоныя, ніводнае з немачаў, якія Я навёў на Эгіпет, не навяду на цябе, бо Я — ГОСПАД, Лекар твой».
І прыйшлі яны ў Элім. Там было дванаццаць крыніцаў вады і семдзясят пальмаў; і сталі там табарам каля водаў.