Выхад 19 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

У трэці месяц пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у першы дзень прыйшлі яны ў пустыню Сынай.
 

І вырушылі яны з Рэфідыму, і прыйшлі ў пустыню Сынай, і сталі табарам у пустыні; і стаў табарам там Ізраіль насупраць гары.
 

А Майсей узыйшоў да Бога, і паклікаў яго ГОСПАД з гары, кажучы: «Гэтак скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраіля:
 

“Вы бачылі, што Я зрабіў Эгіпту, а вас насіў на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.
 

І цяпер, калі вы, слухаючы, будзеце слухаць голас Мой і будзеце захоўваць запавет Мой, дык вы будзеце Маёй уласнасьцю з усіх народаў, бо Мая ўся зямля.
 

І вы будзеце Маім валадарствам сьвятароў і народам сьвятым”. Гэта словы, якія ты прамовіш да сыноў Ізраіля».
 

І прыйшоў Майсей, і паклікаў старшыняў народу, і прадставіў перад імі ўсе тыя словы, якія загадаў яму ГОСПАД.
 

І адказаў увесь народ разам, і сказалі: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім». І перадаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і каб таксама паверылі табе на вякі». І пераказаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сёньня і заўтра; і няхай памыюць адзеньне сваё,
 

і няхай будуць гатовыя да трэцяга дня; бо ў трэці дзень зыйдзе ГОСПАД перад вачыма ўсяго народу на гару Сынай.
 

І правядзі мяжу народу наўкола, кажучы: “Сьцеражыцеся, каб узыходзіць на гару і дакранацца да краю яе; кожны, хто дакранецца да гары, сьмерцю памрэ.
 

Няхай не дакранецца да яе рука, бо камянуючы, укамянуюць яго альбо прабіваючы, праб’юць стралою; жывёла гэта ці чалавек, ня будуць жыць”. Калі працягла затрубіць рог, могуць узыйсьці на гару».
 

І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і яны памылі адзеньне сваё.
 

І сказаў народу: «Будзьце гатовыя да трэцяга дня; не набліжайцеся да жанчыны».
 

І сталася ў трэці дзень, прыйшла раніца, і былі грымоты, і маланкі, і воблака цяжкае над гарою, і гук трубы вельмі моцны; і задрыжаў увесь народ, які быў у табары.
 

І вывеў Майсей народ з табару насустрач Богу, і стаялі ля падножжа гары.
 

А гара Сынай уся дымілася, бо зыйшоў на яе ГОСПАД у агні; і ўзыходзіў ад яе дым, як дым з печы, і ўся гара вельмі хісталася.
 

І быў гук трубы, і павялічваўся, і мацнеў. Майсей гаварыў, а Бог адказаваў яму голасам.
 

І зыйшоў ГОСПАД на гару Сынай, на вяршыню гары, і паклікаў ГОСПАД Майсея на вяршыню гары, і ўзыйшоў Майсей.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зыйдзі, папярэдзь народ, каб ня рваўся да ГОСПАДА, каб убачыць, і не загінула з яго мноства.
 

І таксама сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, няхай асьвяцяцца, каб ня выгубіў іх ГОСПАД».
 

І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, бо Ты папярэдзіў нас, кажучы: “Правядзі мяжу наўкола гары і асьвяці яе”».
 

І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі, зыйдзі і ўзыйдзі ты і Аарон з табою; а сьвятары і народ няхай ня рвуцца ўзыйсьці да ГОСПАДА, каб Я ня выгубіў іх».
 

І зыйшоў Майсей да народу і сказаў ім.