Выхад 21 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А вось суды, якія ты паставіш перад абліччам іхнім.
 

Калі купіш слугу Гебрая, шэсьць гадоў няхай ён служыць, а ў сёмы год няхай выйдзе на волю дарма.
 

Калі ён адзін прыйшоў, няхай адзін і выйдзе. А калі ён жанаты, няхай выйдзе з ім жонка ягоная.
 

Калі гаспадар ягоны даў яму жонку, і яна нарадзіла яму сыноў альбо дочак, дык жонка і дзеці ейныя застануцца ў гаспадара ейнага, а ён выйдзе адзін.
 

Але калі, кажучы, скажа слуга: “Люблю гаспадара майго, жонку маю і сыноў маіх; не пайду на волю”,
 

тады прывядзе яго гаспадар ягоны да Бога, і прывядзе яго да дзьвярэй або да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха ягонае шылам, і ён застанецца слугою ягоным на вякі.
 

І калі [нейкі] чалавек прадасьць дачку сваю як служку, няхай ня выйдзе яна, як выходзяць слугі.
 

Калі ліхая яна ў вачах гаспадара ейнага, які не заручыўся з ёю, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу ня мае ўлады яе прадаць, калі адмовіцца ад яе.
 

А калі для сына свайго ён заручыць яе, няхай робіць з ёю паводле права адносна дочак.
 

Калі іншую возьме сабе, няхай ня зьменшыць жыўленьня ейнага, адзеньня ейнага і супольнага ложку.
 

А калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць для яе, няхай яна адыйдзе дарма, бяз выкупу.
 

Той, хто ўдарыў чалавека, і [той] памёр, няхай сьмерцю памрэ.
 

Але калі ён ня меў намеру, але Бог выдаў [таго чалавека] ў руку ягоную, Я вызначу табе месца, куды ён мае ўцякаць.
 

А калі хто намысьліў супраць бліжняга свайго, каб забіць яго падступна, ад ахвярніка Майго возьмеш яго на сьмерць.
 

Той, хто ўдарыць бацьку свайго і маці сваю, няхай сьмерцю памрэ.
 

І той, хто ўкраў чалавека і прадаў яго, альбо ён знойдзены ў руцэ ягонай, няхай сьмерцю памрэ.
 

Той, хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, няхай сьмерцю памрэ.
 

І калі людзі спрачаюцца, і ўдарыць чалавек бліжняга свайго камянём альбо кулаком, і той не памрэ, але зьляжа ў ложак,
 

дык калі ён устане і будзе выходзіць навонкі з кійком сваім, той, хто ўдарыў, будзе без пакараньня, толькі няхай аддасьць [яму] за перапынак [у працы] і, лечачы, няхай вылечыць яго.
 

А калі хто будзе біць слугу свайго альбо служку сваю кіем, і яны памруць пад рукою ягонай, няхай помстай адпомсьціцца яму.
 

Але калі яны дзень або два дні застануцца [жыць], ён ня мае быць помшчаны, бо гэта срэбра ягонае.
 

Калі будуць біцца мужчыны і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна спароніць дзіця сваё, але ня будзе [іншай] шкоды, [вінаваты] будзе пакараны пакараньнем, якое наложыць на яго муж той жанчыны, і мае заплаціць пры судзьдзях.
 

А калі будзе шкода, аддасі душу за душу,
 

вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
 

апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
 

І калі хто ўдарыць у вока слугу свайго альбо ў вока служку сваю, і пашкодзіць яго, няхай адпусьціць іх на волю за вока.
 

А калі выб’е зуб слузе свайму або зуб служцы сваёй, няхай адпусьціць іх на волю за зуб.
 

І калі вол забадае мужчыну альбо жанчыну, і яны памруць, вала, камянуючы, трэба ўкаменаваць, і мяса ягонага ня есьці; а гаспадар вала невінаваты.
 

А калі вол бадлівы быў і ўчора, і пазаўчора, і папярэджвалі ўласьніка ягонага, і ён не пільнаваў яго, а ён забіў мужчыну альбо жанчыну, тады вол будзе ўкаменаваны і ўласьнік ягоны таксама памрэ.
 

Калі выкуп прызначаць яму, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які прызначаны яму.
 

Калі сына забадае, або дачку забадае, паводле гэтага суду ўчыніць з ім.
 

Калі слугу альбо служку забадае вол, тады трыццаць сыкляў срэбра даць пану іхняму, а вол будзе ўкаменаваны.
 

І калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,
 

тады гаспадар ямы мае заплаціць, аддаць срэбра ўласьніку іхняму, а мёртвая [жывёла] будзе ягонай.
 

А калі забадае вол [нейкага] чалавека вала бліжняга ягонага, і [той] памрэ, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам срэбра за яго, і таксама мёртвага няхай падзеляць папалам.
 

А калі вядома было, што вол бадлівы і ўчора, і пазаўчора, але ўласьнік ягоны не пільнаваў яго, тады мае ён заплаціць вала за вала, а мёртвы будзе ягоны.