Выхад 40 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 

«У першы месяц, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня.
 

І паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю.
 

І ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя.
 

І паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу.
 

І паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня.
 

І паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.
 

І паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку.
 

І возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і будзе Сьвятой.
 

І памажаш ахвярнік цэласпаленьня і ўсё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых.
 

І памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго.
 

І наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою.
 

І апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і ён будзе сьвятаром Маім.
 

І сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны,
 

і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і яны будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх».
 

І зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў.
 

І сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба.
 

І паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе,
 

і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху.
 

І ўнёс Каўчэг у Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны.
 

І разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць стала, на паўднёвым баку Сялібы.
 

І запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю.
 

І кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу.
 

І ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня.
 

І абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае.
 

Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. І скончыў Майсей работу.
 

І закрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДА напоўніла Сялібу.
 

І ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДА напаўняла Сялібу.
 

І калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае.
 

А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася.
 

Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай удзень, і агонь быў над ёй уначы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх.