Выслоўяў Саламонавых 31 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка
Словы Лемуэля, валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная.
Гэта словы караля Лемуіла. Павучэньне, якое дала яму ягоная маці.
Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх?
Што скажу, сын мой, што скажу, сын майго ўзлоньня? Што скажу, сын маіх абяцаньняў?
Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў.
Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх тым, якія прыводзяць да згубы каралёў.
Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру,
Не каралём, Лемуіл, не каралём піць віно і не князём моцнае пітво,
каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрывілі суд для ўсіх прыгнечаных.
каб напіўшыся яго не забылі закону і не зьмянілі справаў усіх прыгнечаных.
Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою.
Дайце піць моцнае пітво таму, хто гіне, і віно тым, хто сумуе душою;
Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго.
няхай такі вып’е і забудзецца пра сваю беднасьць і ня будзе больш успамінаць сваёй бяды.
Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў.
Адчыняй вусны твае за нямых і для абароны ўсіх сіротаў.
Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага.
Адчыняй вусны твае для справядлівага суду і для справы бедака і жабрака.
Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны.
Хто знойдзе дабрадзейную жонку, бо цана яе вышэй ад пэрлаў?
Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку.
Сэрца яе мужа поўнае яе і ён не застанецца бяз прыбытку.
Яна дае яму дабро, а ня зло, у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
Яна добра робіць яму, а не блага, у ўсе дні свайго жыцьця.
Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі.
Шукае воўны і лёну і ахвоча працуе сваймі рукамі.
Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой.
Яна падобная купецкім караблём — здалёку прывозіць хлеб свой.
І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім.
Яна ўстае яшчэ да сьвету і раздае пожыў у доме сваім, служанкам сваім.
Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік.
Падумывае аб зямлі і набывае яе; з заробку сваіх рук садзіць вінаград.
Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае.
Перапаясывае сілаю свае бёдры і ўзмяцняе свае рукі.
Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы.
Яна чуе, што занятак яе добры і паходня яе ня гасьне ў начы.
Працягвае рукі свае да кудзелі, а далоні яе трымаюць верацяно.
Парцягвае руку сваю да кудзелі, а пальцамі сваімі трымае верацяно.
Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку сваю працягвае беднаму.
Адчыняе руку сваю беднаму, а рукі свае працягівае патрабуючым.
Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазын апрануты.
Не баіцца за сям’ю ў зімовы час, бо ўся сям’я яе апраненая ў падвойную вопратку.
Дываны яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе.
Робіць сабе каберцы; бісон і пурпур яе вопратка.
У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі.
Муж яе ведамы ля брамы, калі сядзіць паміж старэйшымі зямлі.
Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім.
Робіць посьцілкі і прадае жонкам і паясы дастаўляе купцом.
Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць.
Моцнасьць і прыгажосьць — яе вопратка і ня мае яна клопату аб будучыні.
Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе.
Мудра адчыняе вусны свае і міласэрнае павучэньне на ейным языку.
Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства.
Яна даглядае гаспадарку ў сваёй хаце і ня есьці гультайскага хлеба.
Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хваліць яе:
Устаўшы багаславяць яе сыны яе і таксама муж хваліць яе,
«Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!»
гаворачы: — шмат было добрых жонак, але ты перавысіла ўсіх іх.
Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы.
Мілы выгляд ашуківае і дарэмная прыгажосьць, але жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе.
Дайце ёй з пладу ейных рук і няхай праславяць яе ля брамы справы яе.