Рут 2 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

У Наомі быў крэўны мужа ейнага, чалавек вельмі багаты, з калена Элімэлеха, і імя ягонае Боаз.
 
Ноэмі мела сваяка па мужу сваім, чалавека вельмі багатага, з роду Элімелехавага, якога называлі Бооз.

І сказала Рут Мааўлянка Наомі: «Дазволь мне пайсьці на поле зьбіраць каласы за тым, у каго ў вачах я знайду ласку». І яна сказала: «Ідзі, дачка мая».
 
І сказала Рут Маабіцянка Ноэмі: — пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у каго знайду спагаданьне, а яна адказала: — пайдзі дачка мая.

І пайшла, і прыйшла, і зьбірала на полі за жняцамі. І здарылася, што яна патрапіла на частку поля Боаза, які быў з калена Элімэлеха.
 
Яна пайшла і, прыйшоўшы, падбірала на полі каласы пасьля жнеяроў. І здарылася, што тая частка поля належала да Бооза, які быў з роду Элімелехавага.

І вось, Боаз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жняцам: «ГОСПАД з вамі». І яны сказалі яму: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД».
 
І вось Бооз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жнеяром: — Гаспод з вамі! Яны адказалі: — няхай багаславіць цябе Гаспод!

І сказаў Боаз хлопцу свайму, пастаўленаму над жняцамі: «Чыя гэтая дзяўчына?»
 
Сказаў тады Бооз слузе свайму, які быў пастаўлены над жнеярамі: — чыя гэта маладая жанчына.

І адказаў хлопец, пастаўлены над жняцамі, і сказаў: «Гэтая дзяўчына — Мааўлянка, якая вярнулася з Наомі з краіны Мааў.
 
Слуга пастаўлены над жнеярамі адказаў і сказаў: — гэтая маладая жанчына — Маабіцянка, якая прыйшла з Ноэмі з зямлі Маабіцкай.

І яна сказала: “Дазволь мне зьбіраць і падбіраць між снапамі за жняцамі”. І яна прыйшла, і застаецца ад раніцы аж да цяпер, а ў доме не адпачывала».
 
Яна сказала мне: — «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі за жнеярамі», і прыйшла сюды знаходзіцца тут ад самай раніцы аж дасюль і мала бывае яна ў хаце.

І сказаў Боаз Рут: «Паслухай мяне, дачка мая. Не хадзі зьбіраць на іншыя палі і не адыходзь адсюль, і заставайся з дзяўчатамі маімі.
 
І сказаў Бооз Рут: — паслухай дачка мая; не хадзі зьбіраць каласоў на другім полі і не адыходзь адсюль, але трымайся тут з маімі служанкамі.

Падымі вочы твае на поле, на якім жнуць, і хадзі за імі, бо я загадаў хлопцам не чапаць цябе. І калі будзеш смагнуць, падыходзь да глякоў і напіся з таго, адкуль чэрпаюць юнакі».
 
Пільнуй гэтага поля, дзе яны жнуць і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць — ідзі да судзьдзя і пій стуль, адкуль чэрпаюць слугі мае.

І яна ўпала на аблічча сваё, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму я знайшла ласку ў вачах тваіх, і ты заўважыў мяне, хоць я — чужынка».
 
Яна ўпала на твар свой, пакланілася да зямлі і сказала яму: — чым здабыла я ў вачох тваіх такую ласку, што ты прыймаеш мяне, хаця я і чужаземка.

І адказаў Боаз, і сказаў ёй: «Расказваючы, расказалі мне пра ўсё, што ты зрабіла для сьвякрухі тваёй пасьля сьмерці мужа твайго, і што ты пакінула бацьку твайго і маці тваю, і зямлю юнацтва твайго, і прыйшла да народу, якога ня ведала ўчора і тры дні таму.
 
Бооз адказаў і сказаў ёй: — мне расказалі ўсё, што зрабіла ты для свякрухі сваёй, пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці і тваю бацькаўшчыну і прыйшла да народу, якога ты ня знала ўчора і перад гэтым.

Няхай ГОСПАД аднагародзіць табе за ўчынак твой, і няхай будзе поўная твая ўзнагарода ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, пад крылы Якога ты прыйшла схавацца».
 
Няхай аддасьць табе Гаспод за гэта і няхай будзе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраільскага, да якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад ягонымі крыламі.

А яна сказала: «Я знайшла ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, бо ты пацешыў мяне і гаварыў да сэрца служкі тваёй, хоць я ня роўная ніводнай са служак тваіх».
 
Яна сказала: — няхай буду я ў ласцы перад вачыма тваймі, пан мой, ты пацешыў мяне і гаварыў па сэрцы нявольніцы тваёй, між тым як я ня вартая ніводнай з нявольніцаў тваіх.

І сказаў Боаз да яе: «У час пасілку прыходзь сюды і еш хлеб, і мачай кавалак свой у воцаце». І яна села пры жняцах, і ён даў ёй пражаную пшаніцу, і яна ела, і насыцілася, і яшчэ засталося.
 
І сказаў ёй Бооз: — калі будзе час ежы, прыходзь сюды і еш хлеб, мачаючы кавалак у воцат. І села яна пры жнеярох і падаў ёй хлеба; яна ела, наелася і яшчэ засталося.

І яна ўстала зьбіраць, і Боаз загадаў хлопцам сваім: «Дайце ёй зьбіраць таксама між снапамі, і не саромце яе.
 
Пасьля ўстала, каб падбіраць, а Бооз даў сваім слугам загад, сказаўшы: — няхай яна падбірае і паміж снапамі і не забараняйце ёй гэтага,

І нават кідайце каласы для яе, і пакідайце для яе, і яна будзе зьбіраць, і ня ганьце яе».
 
Умысна нават пакідайце ёй і застаўляйце, каб яна зьбірала, і не сварэцеся на яе.

І зьбірала яна на тым полі аж да вечару, і памалаціла тое, што сабрала, і было гэта каля эфы ячменю.
 
Так падбірала яна на полі да вечара і вымалаціла сабранае і выйшла каля эфы ячменя.

І яна ўзяла гэта, і пайшла ў горад, і сьвякруха ейная ўбачыла тое, што яна назьбірала. І яна дастала, і дала ёй тое, што засталося з пасілку.
 
Узяўшы гэта яна пайшла ў места і сьвякроўка яе пабачыла, што яна назьбірала. І вынула Рут і дала ёй тое, што пакінула наеўшыся сама.

І сказала ёй сьвякруха ейная: «Дзе ты зьбірала ў гэты дзень? І дзе ты працавала? Няхай будзе дабраслаўлёны той, хто зьвярнуў на цябе ўвагу». І яна распавяла сьвякрусе сваёй, у каго яна працавала, і сказала: «Імя чалавека, у якога я працавала сёньня, Боаз».
 
І сказала ёй свякроўка: — дзе ты сягоньня зьбірала і дзе працавала. Няхай будзе багаслаўлёны той, хто прыняў цябе! І расказала Рут сьвякроўцы ў каго працавала, гаворачы: — імя чалавеку ў якога я працавала — Бооз.

І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Няхай ён будзе дабраслаўлёны ГОСПАДАМ, Які не забыўся пра міласэрнасьць Сваю для жывых і памерлых». І сказала ёй Наомі: «Гэты чалавек — блізкі сваяк наш, ён — сваяк-абаронца наш».
 
І сказала Ноэмі нявестцы сваёй: — няхай будзе ён багаслаўлёны ад Госпада, за тое, што не пазбавіў ласкі сваёй ні жывых ні мёртвых. І сказала яшчэ Ноэмі: — чалавек гэты блізкі нам, ён з нашых сваякоў.

І сказала Рут Мааўлянка: «Ён сказаў яшчэ мне: “Заставайся з хлопцамі маімі, пакуль яны ня скончаць усяго жніва”».
 
Сказала ёй Рут Маабіцянка: — ён нават сказаў мне — будзь з маімі служанкамі, пакуль ня скончаць яны жніва майго.

І сказала Наомі Рут, нявестцы сваёй: «Добра гэта, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з дзяўчатамі ягонымі і ня будуць табой пагарджаць на іншым полі».
 
І сказала тады Ноэмі нявестцы сваёй Рут: — добра дачка мая, што ты будзеш хадзіць з ягонымі служанкамі і ня будуць цябе абражаць на іншым полі.

І яна заставалася з дзяўчатамі Боаза, і зьбірала каласы, аж пакуль скончылася жніво ячменя і пшаніцы, і яна жыла са сьвякрухай сваёй.
 
Так была яна са служанкамі Бооза і падбірала каласы, пакуль ня скончылася жніво ячменя і жніво пшаніцы, і жыла ў сьвякроўкі сваёй.