2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма была атрыманая вамі.
 

Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня!
 

Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня ганілася служэньне,
 

але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках,
 

у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах,
 

у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай,
 

у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ,
 

у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя,
 

як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забіваныя;
 

як засмучаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем.
 

Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася.
 

Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
 

Дзеля гэткае ж платы кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы.
 

Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю?
 

А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным?
 

Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».
 

Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас».
 

«І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».