Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
А пасьля суботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу.
І вось, стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпада, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім.
І вось зрабілася вялікае землетрасеньне, анёл Панскі зыйшоў з неба і прыступіўшы, адваліў камень і сеў на ім.
А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег.
А быў выгляд ягоны, як маланка і адзеньне ягонае, як сьнег.
І ад страху перад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя.
І ад страху перад ім перапужаліся вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя.
А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Ня бойцеся! Бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.
Адазваўшыся-ж анёл сказаў жанчынам: Ня бойцеся вы, бо ведаю, што шукаеце Езуса, каторы быў укрыжаваны.
Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад.
Няма яго тут, бо ўскрос, як сказаў. Хадзеце і паглядзеце месца, дзе быў паложаны Пан.
І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам».
І скора пайшоўшы, скажэце вучням ягоным, што ўскрос; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго пабачыце. Вось я вам сказаў наперад.
І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
І выйшлі скора з гробу, са страхам і вялікай радасьцяй бягучы, каб паведаміць вучняў ягоных.
Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.
І вось Езус спаткаў іх, кажучы: Будзьце прывітаныя! Яны-ж прыступілі, і абнялі ногі яго, і пакланіліся яму.
Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся! Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне».
Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.
Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася.
Калі яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі у горад і паведамілі вашэйшых сьвятараў аб усім, што было сталася.
І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам,
І яны, сабраўшыся з старшымі і зрабіўшы нараду, далі жаўнерам многа грошай,
кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі.
кажучы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі і ўкралі яго, калі мы спалі.
І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату».
А калі гэтае дойдзе да начальніка, мы ўгаворым яго і зробім вас бясьпечнымі.
Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між Юдэямі аж да сёньня.
Яны-ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І разыйшлося гэтае слова паміж жыдамі аж па сягоньняшні дзень.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, дзе ім быў назначыў Езус.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.
І ўбачыўшы яго, пакланіліся; некаторыя-ж сумневаліся.
І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі.
І прыступіўшы Езус прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
Дык ідучы, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Сьвятога,
навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.
навучаючы іх захоўваць усё, што-толькі я загадаў вам. І вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэньня сьвету.