Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе.
Глядзеце, каб справядлівасьці вашай ня чыніць перад людзьмі, каб яны бачылі вас, бо інакш ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, каторы ёсьць у небе.
Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
Дык ты, калі робіш дарэньне, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб іх хвалілі людзі: сапраўды кажу вам, яны атрымалі сваю нагароду.
У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
А ты калі робіш дарэньне, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць твая правая,
каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб дарэньне тваё было ў скрытнасьці, а Айцец твой, каторы відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
І калі вы моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, каторыя любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх бачылі людзі, сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.
Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
А ты калі молісься, увайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці, а Айцец твой, каторы відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.
А молячыся не гаварэце многа, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.
Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Дык ня будзьце падобны да іх, бо ведае Айцец вас, чаго вам трэба, перш, чым папросіце ў яго.
Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;
Вы-ж малецеся гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,
прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.
прыйдзі каралеўства Тваё, будзь воля Твая, як на небе так і на зямлі,
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
Хлеба нашага штодзёнанага дай нам сяньня
І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
і адпусьці нам віны нашы, так і мы адпускаем вінаватым нашым
і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.
і не ўвадзі нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.
Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іх, бо і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.
А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.
А калі вы не адпусьціце людзям, то і Айцец ваш не адпусьціць вам грахоў вашых.
А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
Калі-ж вы посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, сумныя, бо яны нішчаць твары свае, каб паказацца перад людзьмі, што яны посьцяць. Сапраўды кажу вам, што яны атрымалі нагароду сваю.
А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё,
А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю і абмый твар свой,
каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб ня людзям паказацца, што ты посьціш, але Айцу свайму, каторы ёсьць у скрытнасьці, а Айцец твой, каторы ёсьць у скрытнасьці, аддасьць табе.
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць;
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль зьядае, і дзе зладзеі выкопваюць і крадуць,
але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
але зьбірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль не зьядае і дзе зладзеі не выкопваюць і не крадуць.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Бо дзе твой скарб, там і сэрца тваё.
Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае.
Сьветачам цела твайго ёсьць вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?
А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, цемрай ёсьць, то якая вялікая будзе сама цемра?
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Ніхто ня можа служыць двом паном, бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, або да аднаго прыхінецца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне?
Дзеля таго кажу вам: не клапацецеся аб жыцьці вашым, што будзеце есьці, ані аб целе вашым, у што будзеце адзявацца. Ці-ж жыцьцё не важнейшае за ежу, а цела не важнейшае за адзеньне?
Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.
Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у гумны і Айцец ваш корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?
Хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
А хто з вас можа клапацячыся дадаць да свайго ўзросту адзін локаць?
І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць.
А аб адзеньні чаго клапаціцёся? Паглядзеце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць і ня жнуць;
А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
а я вам кажу, што і Саламон ва ўсей сваей славе ня быў адзеты так, як адна з іх.
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы?
Калі-ж палявую траву, якая сяньня ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог гэтак адзяе, то куды болей вас, малаверных?
Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?”
Дык не клапацецеся, кажучы: «Што будзем есьці, або што будзем піць, або ў што будзем адзявацца?»
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна.
бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Бо Айцец вас ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.
Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.
Дык шукайце перш каралеўства Божага і справядлівасьці яго , а гэтае ўсё будзе вам дадзена.
Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць [кожнаму] дню свайго ліха.
Дык не клапацецеся аб заўтрашняе, бо заўтрашні дзень будзе клапаціцца сам аб сабе. Хваціць на кожан дзень свае бяды.