Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць,
І сталася потым, і хадзіў ён па местах і сёлах, навучаючы і абвяшчаючы каралеўства Божае, і дванаццацёх з ім.
і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў,
і некаторыя жанчыны, што былі аздароўлены ад злых духаў і немачаў: Марыя, якая завецца Магдалена, з якой выйшла сем д’яблаў,
і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.
і Ёанна, жонка Хузы, Гэрадавага эканома, і Зузанна, і многа другіх, якія служылі яму з сваей маемасьці.
А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць:
Калі-ж зыходзілася вялікая грамада і з местаў сьпяшылі да яго, сказаў праз падабенства:
«Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
Выйшаў што сее, сеяць сваё насеньне. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
А другое ўпала на скалу і ўзыйшоўшы зсохла, бо ня мела вільгаці.
а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго;
А іншае ўпала паміж церняў, і разам узыйшоўшы, церні заглушылі яго.
а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
А іншае ўпала на добрую зямлю, і ўзыйшоўшы, прынясло плод у-сто-раз. Кажучы гэтае заклікаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!
А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: «Што значыць прыповесьць гэтая?»
І пыталіся ў яго вучні ягоны, што знача гэтая прыповесьць.
Ён жа сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць.
Ён сказаў ім: Вам дадзена знаць тайніцу каралеўства Божага, але другім у прыповесьцях, каб гледзячы ня бачылі, і слухаючы, не разумелі.
Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае.
А прыповесьць знача гэтае: Насеньне — гэта слова Божае.
А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя.
А што пры дарозе — гэта тыя, каторыя слухаюць, потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхнага сэрца, каб уверыўшы ня збавіліся.
А што на камяні — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць.
Бо што на скале — гэта тыя, каторыя як пачуюць, з радасьцяй прыймаюць слова, але яны ня маюць карэньняў; яны вераць да часу, а ў час спакушэньня адступаюць.
А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду.
А што ўапала ў церні — гэта тыя, каторыя слухалі і, адыйшоўшы, бываюць заглушаны клапотамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця і ня прыносяць плоду.
А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.
А што на добрую зямлю — гэта тыя, каторыя пачуўшы слова ў добрым і шчырым сэрцы затрымоўваюць і прыносяць плод у цярплівасьці.
Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло.
Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінай або ставіць пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.
Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло.
Бо няма тайнага, што-б ня выявілася, ані скрытага, што-б ня сталася ведамым і ня выйшла наверх.
Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».
Дык глядзеце, як маеце слухаць. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто-колечы ня мае, у таго будзе аднята і тое, што, як яму здаецца, ён мае.
І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу.
І прыйшлі да яго маці і браты ягоны, і не маглі падыйсьці да яго дзеля грамады.
І паведамілі Яму, кажучы: «Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе».
І далі яму знаць: Маці твая і браты твае стаяць на дварэ, хочучы цябе бачыць.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
Ён, адказваючы, сказаў да іх: Маці мая і браты мае — гэта тыя, каторыя слухаюць слова Божага і выпаўняюць.
І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: «Пераплывем на той бок возера». І паплылі.
І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у лодку і вучні ягоны, і сказаў да іх: Пераплывем на той бок возера. І паплылі.
Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
І калі яны плылі, ён заснуў. І надыйшоў на возера бурны вецер, і заліваліся, і былі ў небясьпецы.
І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.
Прыступіўшы-ж, збудзілі яго, кажучы: Вучыцель, гінем! А ён устаўшы, прыгразіў ветру і ўзбурэньню вады, і перастала, і зрабілася ціша.
Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»
І сказаў ім: Дзе-ж вера вашая? Яны, спалохаўшыся, дзівіліся, адзін да другога кажучы: Хто, думаеш, ён ёсьць, што загадывае і вятром і мору, і слухаюць яго?
І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі.
І прыплылі да краіны Гэразэнаў, што ёсьць наўпроць Галілеі.
Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўніх часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
І калі выйшаў на зямлю, пераняў яго адзін чалавек, каторы меў д’ябэльства ўжо з даўных часоў; і не накладаў ён адзеньня, і ня жыў у доме, але ў грабох.
Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне».
Ён, як убачыў Езуса, упаў перад ім, і закрычаўшы вялікім голасам, сказаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Малю цябе, ня муч мяне!
Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні.
Бо загадываў духу нячыстаму, каб выйшаў з чалавека. Бо з даўных часоў хватаў яго, і быў зьвязваны ланцугамі і сьцеражоны ў кайданах, і парваўшы вязі, быў гнаны д’яблам у пустыню.
А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.
Пытаўся-ж у яго Езус, кажучы: Якое ў цябе імя? А ён сказаў «Легіён», бо многа д’яблаў было ўвайшоўшы ў яго.
І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань.
І прасілі яго, каб не загадываў ім ісьці ў бяздоньне.
А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім.
Была-ж там вялікая стада сьвіней, пасучыся на гарэ. І прасілі яго, каб пазволіў ім увайсьці ў іх. І пазволіў ім.
Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў.
Дык выйшлі д’яблы з чалавека і ўвайшлі ў сьвіньні. І з разгонам кінулася стада з круцізны ў возера і патанула.
А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках.
Як убачылі, што сталася, тыя што пасьвілі, уцяклі і далі знаць у горад і ў сёлы.
І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць каля ног Ісуса, апрануты і пры розуме; і спалохаліся.
І выйшлі паглядзець, што сталася; і прыйшлі да Езуса, і знайшлі чалавека, сядзячага каля ног ягоных, адзетага і прыздаровым розуме, і спалохаліся.
А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі.
А расказалі ім тыя, што бачылі, як ён стаў здаровым ад «Легіёну».
І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.
І прасіла яго ўсё мноства краіны Гэразэнаў, каб адыйшоў ад іх, бо зьняў іх вялікі страх. Ён-жа ўвайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы:
І прасіў у яго чалавек, з каторага былі выйшаўшы д’яблы, каб быць пры ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:
«Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус.
Вярніся ў дом твой і раскажы, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Бог. І пайшоў ён, па ўсім горадзе расказваючы, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус.
І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І сталася, калі вярнуўся Езус, спаткала яго грамада, бо ўсе чакалі яго.
І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
І вось прыйшоў чалавек, на імя Яір, а ён быў старшым над бажніцаю; і ўпаў да ног Езуса, просячы яго, каб увайшоў у дом ягоны,
бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго.
бо ў яго была адзіная дачка каля дванаццаці гадоў і тая ўмірала. І здарылася, калі ён ішоў, грамады сьціскалі яго.
І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе,
І адна жанчына, каторая ад дванаццаці гадоў была ў крывацечы, каторая выдала на лекараў ўсю сваю маемасьць і ў ніводнага не магла вылячыцца;
падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.
падыйшла ззаду і дакранулася да краю ягонай адзежы, і зараз-жа спынілася яе крывацеча.
І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і ціснуць, і Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
І сказаў Езус: Хто гэта дакрануўся да мяне? Калі-ж усе адпіраліся, сказаў Пётр і тыя, што з ім былі: Вучыцель, грамады ціснуць цябе і душаць, а ты кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне».
І сказаў Езус: Дакрануўся да мяне нехта, бо я пазнаў, што сіла выйшла з мяне.
А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.
А жанчына, бачачы, што не ўтаілася, дрыжучы падыйшла і ўпала да ног ягоных; і аб’явіла перад усім народам, дзеля якое прычыны дакранулася да яго і як зараз аздаравела.
Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
А ён сказаў ей: Дачка, вера твая зрабіла цябе здаровай, ідзі ў супакою.
Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка».
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта да старшага над бажніцаю, кажучы яму: Што памерла твая дачка, ня турбуй яго.
А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».
А Езус, пачуўшы гэтае слова, адказаў бацьку дзяўчыны: Ня бойся, вер толькі і будзе здарова.
Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
І калі прыйшоў у дом, не пазволіў увайсьці з сабою нікому, апрача Пятра, Якуба, Яна і бацькі і маткі дзяўчыны.
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць».
Усе-ж плакалі і галасілі па ей. Але ён сказаў: Ня плачце, дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.
І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
І сьмяяліся з яго, ведаючы, што яна памярла.
Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
Ён-жа, узяўшы яе за руку, ускрыкнуў, кажучы: Дзяўчына, устань!
І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці.
І вярнуўся дух яе, і зараз-жа ўстала. І загадаў даць ей есьці.
І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.
І астаўпянелі бацькі яе; ён ім прыказаў, каб нікому не гаварылі, што было сталася.