Лукаша 6 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы [іх] рукамі.
Сталася-ж у сыботу, па другім дні Пасхі; здарылася Яму прайходзіць палямі паміж збожжа, і вучні Ягоныя зрывалі каласы, і, расьціраючы іх рукамі, елі зярняты.
А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»
І некаторыя з фарысеяў гаварылі ім: — чаму вы робіце тое, чаго не належыць рабіць у сыботу?
І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі згаладаўся сам і тыя, якія з ім былі?
Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».
Як увайшоў у дом Божы, узяў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці нікому, апрача ерэяў, і еў і даваў тым, хто з ім быў?
І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
І сказаў ім: — Сын Чалавечы: ёсьць гаспадаром і сыботы.
І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
Было-ж і ў другую сыботу, калі Ён увайшоў у сынагогу й навучаў; і быў там чалавек, у якога правая рука была ўсохшы.
А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.
Кніжнікі-ж і фарысеі назіралі, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.
Але Ён, ведаючы іхныя помыслы, сказаў сухарукаму чалавеку: — устань ды выйдзі на сярэдзіну; і той устаў і выйшаў.
Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу ці загубіць?”»
Тады сказаў ім Ісус: — спытаюся Я ў вас, што належыць рабіць у сыботу, дабро тварыць ці зло? выбавіць душу ці загубіць? яны маўчалі.
І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.
І паглядзеўшы на ўсіх навокал, сказаў таму чалавеку: — выцягні руку тваю, і ён зрабіў гэтак, і стала рука яго здаровая, як і другая.
А яны напоўніліся шалам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.
Яны-ж шалелі ад злосьці й гаварылі адзін аднаму, што-б ім учыніць Ісусу.
І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.
І сталася ў дні тыя, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і прабыў усю ноч на малітве Божай.
І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
Калі-ж настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі.
Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
Сымана, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба й Яна, Піліпа й Баўтрамея;
Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,
Мацьвея й Фаму, Якуба Алфеевага й Сымана, называнага Зілотам;
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.
Юду Якубавага й Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.
І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усёй Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,
І зыйшоўшы з імі ўніз, Ён стаў на месцы роўным, і грамада вучняў Яго, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі й Ерусаліма, і з узьбярэжжа краін Тырскай і Сідонскай;
якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх. І тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.
Якія папрыйходзілі паслухаць Яго й пазбавіцца ад нядугаў сваіх, таксама й тыя, якія цярпелі ад нячыстых духаў.
І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.
І ўсе з грамады народу жадалі дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыйходзіла сіла й аздараўляла ўсіх.
І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.
І Ён узьвёў вочы Свае на вучняў Сваіх і прамаўляў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Уладарства Божае.
Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.
Шчасьлівыя згаладалыя цяпер, бо задаволіцеся, шчасьлівыя, заплаканыя цяпер, бо будзеце сьмяяцца.
Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.
Шчасьлівыя будзеце, калі зьненавідзяць вас людзі, і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць, і зганьбяць імя вашае, як нягоднае, дзеля Сына Чалавечага.
Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялецеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.
Але гора вам багатым, бо вы ўжо атрымалі пацеху вашую.
Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.
Гора вам перасычаным цяпер, бо будзеце галадаць; гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо сьлёзна заплачаце.
Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.
Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добрае, бо тое самае ўчынялі фальшывым прарокам айцы іхныя.
Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,
Але кажу вам усім, хто слухае: любеце ворагаў вашых, тварэце дабро ненавісьнікам вашым.
дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.
Дабраўслаўце тых, хто выклінае вас і малецеся за тых, хто вас крыўдзіць.
І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.
І хто цябе ўдарыць па шчацэ, настаў і другую; і хто здымае з цябе верхняе адзеньне, не перашкаджай зняць і сарочку.
Усякаму, хто просіць у цябе, давай; і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.
Кажнаму, хто просіць у цябе — дай, і хто бярэ ад цябе — ня сысквай.
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.
І як жадаеце ад людзей, каб яны абыйходзіліся з вамі, так і вы абыйходзьцеся з людзьмі.
І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.
І калі любіце тых, якія любяць вас, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.
І калі дабрадзейнічаеце вашым дабрадзеям, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі робяць таксама.
І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.
І калі пазычаеце тым, ад каго чакаеце звароту пазычанага, якая вашая заслуга? бо й грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб вярнуць усё спаўна.
Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
Але вы любеце ворагаў вашых, і дабрадзейнічайце й пазычайце, нічога не жадаючы; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры, і для нягодных і для злых.
Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
Дык будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш Міласэрны ёсьць.
І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;
Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не ганьбуйце, і ня будзеце зганьбаванымі; даруйце, — і вам даруюць.
давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».
Давайце, — і будзе вам дадзена: меру добрую, утаптаную, утрэсеную й з вярхом адсыплюць вам у спажытак ваш; бо якою мераю мераеце, такою й вам адмерыцца.
Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
Сказаў таксама ім прыпавесьць: — ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не ўпадуць абодва ў яму?
Вучань не вышэй за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.
Вучань ня бывае вышэйшы за свайго вучыцеля; але, калі ўдасканаліцца, кажны будзе як вучыцель яго.
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў воку тваім ня бачыш?
І што ты ўглядаешся на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў воку тваім не адчуваеш.
Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў воку сваім? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока свайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.
Альбо, як скажаш брату твайму: — браце! дай, я выйму шчэпку з вока твайго, калі палена ў воку тваім ня бачыш; крывадушнік! выймі перш палена з вока твайго, тады пабачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго.
Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.
Няма-ж дрэва добрага, якое-б давала ліхі плён, і няма дрэва ліхога, якое-б давала плён добры.
Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.
Бо ўсякае дрэва пазнаецца па плёне яго; і ня зьбіраюць з цярніны фігаў, а з шыпшыньніку вінаграду.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад паўнаты сэрца прамаўляюць вусны ягоныя.
Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?
Пашто вы завяце Мяне, Госпадзе, Госпадзе, а ня выконваеце таго, што гавару вам?
Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.
Кажны, хто прыйходзіць да Мяне й слухае словы Мае й выконвае іх, скажу вам, да каго падобны.
Ён падобны да чалавека, што будуе дом, і ён капаў, і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.
Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, раскапаўшы глыбока, залажыў фундамант на камені; і калі найшла паводка, і вада налягла на дом, то не парушыла яго, бо быў ён закладзены на камені.
А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».
А хто слухае й ня выконвае, той падобны да чалавека, які збудаваў дом свой на зямлі без падмурку; і калі налягла на яго вада, ураз-жа заваліўся; і вялікае было разбурэньне яго.