2 летапісаў 23 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

А ў сёмы год умацаваўся Егаяда, і заключыў запавет з начальнікамі сотняў: Азарыяй, сынам Ерахама, Ізмаэлем, сынам Егаханана, Азарыяй, сынам Адэда, Маасэем, сынам Адая, Элішафатам, сынам Зіхры.
 

І яны абыйшлі Юду, і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юды і галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля, і прыйшлі ў Ерусалім.
 

І ўся царква заключыла запавет з валадаром у Доме ГОСПАДА. І [Егаяда] сказаў ім: «Вось, сын валадара мае валадарыць, як ГОСПАД сказаў пра сыноў Давіда.
 

Гэтую рэч маеце рабіць: траціна з вас, якія прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, [будзе] прыдзьвернікамі пры парогах [Дому Божага],
 

і траціна — у доме валадара, і траціна — пры браме Есод, а ўвесь народ [будзе] на панадворках Дому ГОСПАДА.
 

І ніхто няхай не ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, акрамя сьвятароў і лявітаў, якія служаць. Яны маюць увайсьці, бо яны — пасьвячоныя, а ўвесь народ няхай захоўвае загады ГОСПАДА.
 

І няхай лявіты аточаць валадара вакол, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у Дом, няхай будзе забіты. І будзьце пры валадары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць».
 

І зрабілі лявіты і ўвесь Юда паводле ўсяго, што загадаў Егаяда сьвятар, і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу і якія адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў Егаяда сьвятар чэргаў [лявітаў].
 

І раздаў Егаяда сьвятар начальнікам сотняў дзіды, тарчы і шчыты, якія [зрабіў] валадар Давід і якія [былі] ў Доме Божым,
 

і паставіў увесь народ, і кожны меў зброю сваю ў руцэ сваёй, ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікамі і каля Дому навокал валадара.
 

І вывялі сына валадара, і ўлажылі на яго карону, і [далі яму Каўчэг] Сьведчаньня, і паставілі яго валадаром; і Егаяда і сыны ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Няхай жыве валадар!»
 

І пачула Аталія голас народу, які бегаў і славіў валадара, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА.
 

І ўбачыла яна, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні каля ўваходу, і начальнікі, і трубы пры валадары, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы, і сьпевакі з музычнымі інструмэнтамі кіруюць хвалою. І разьдзерла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова! Змова!»
 

І вывеў Егаяда сьвятар начальнікаў сотняў, якія былі пастаўленыя над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе з шэрагаў, а хто пойдзе за ёю, няхай будзе забіты мячом». Бо сьвятар сказаў: «Не забівайце яе ў Доме ГОСПАДА».
 

І налажылі рукі на яе, і выйшла яна да ўваходу брамы конскай дому валадара, і там забілі яе.
 

І Егаяда заключыў запавет паміж сабою і паміж усім народам і валадаром, каб яны былі народам ГОСПАДА.
 

І ўвесь народ пайшоў да дому Баала, і зруйнаваў яго, і ахвярнікі ягоныя, і выявы ягоныя разьбілі, і забілі Маттана, сьвятара Баала, перад ахвярнікамі.
 

І Егаяда перадаў урады ў Доме ГОСПАДА ў рукі сьвятароў і лявітаў, якіх Давід прызначыў у Доме ГОСПАДА ахвяраваць цэласпаленьні ГОСПАДУ, як напісана ў Законе Майсея, з радасьцю і сьпяваньнем, паводле пастановы Давіда.
 

І паставіў ён прыдзьвернікаў каля брамаў Дому ГОСПАДА, каб не ўваходзіў ніхто нячысты.
 

І ўзяў ён начальнікаў сотняў, магнатаў, і кіраўнікоў народу, і ўвесь народ зямлі, і вывялі валадара з Дому ГОСПАДА, і прайшлі праз браму найвышэйшую ў дом валадара, і пасадзілі валадара на пасадзе валадарскім.
 

І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом.