Мацьвея 24 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
 

А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
 

А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»
 

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,
 

бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.
 

Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.
 

Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.
 

А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін.
 

Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
 

І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.
 

І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.
 

І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.
 

А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 

І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
 

Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —
 

тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,
 

хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,
 

і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.
 

Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.
 

Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.
 

Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
 

І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.
 

Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.
 

Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.
 

Вось, Я наперад сказаў вам.
 

Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.
 

Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
 

Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.
 

А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.
 

І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
 

І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.
 

У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.
 

Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.
 

Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.
 

Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.
 

А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.
 

Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
 

Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
 

і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
 

Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
 

Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.
 

Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
 

Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.
 

Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
 

Хто такі верны і мудры слуга, якога гаспадар ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?
 

Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.
 

Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.
 

А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці гаспадар мой”, —
 

і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —
 

прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
 

і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.