1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Імкніцеся да любові; і рупцеся пра [дары] духоўныя, асабліва пра тое, каб прарочыць.
 

Бо хто гаворыць [незнаёмай] моваю, той гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня чуе, [як] ён тайны духам гаворыць.
 

А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне, і на заахвочваньне, і на пацяшэньне.
 

Хто гаворыць [незнаёмай] моваю, збудоўвае сябе; а хто прарочыць, царкву збудоўвае.
 

Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але больш, каб вы прарочылі, бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне.
 

Цяпер, як я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якая вам карысьць, калі ня буду гаварыць да вас ці з адкрыцьцём, ці з веданьнем, ці з прароцтвам, ці з навучаньнем?
 

Падобна і бяздушныя [рэчы], якія голас даюць, ці жалейка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзельнасьці гукаў, як даведацца, што граюць на жалейцы ці граюць на гусьлях?
 

І калі труба будзе даваць невыразны голас, хто пачне рыхтавацца да бітвы?
 

Гэтак і вы, калі языком не вымавіце выразнае слова, як зразумеюць, што вы гаворыце? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
 

Колькі, напрыклад, разнастайных моваў у сьвеце, і ніводнае бяз голасу.
 

Дык калі я ня ведаю значэньня мовы, буду чужынцам для таго, хто гаворыць, і той, хто гаворыць, [будзе] для мяне чужынец.
 

Гэтак і вы, калі рупіцеся пра [дары] духоўныя, шукайце, каб набываць іх дзеля збудаваньня царквы.
 

Дзеля гэтага той, хто гаворыць [незнаёмай] моваю, няхай моліцца, каб тлумачыць.
 

Бо, калі я малюся [незнаёмай] моваю, дух мой моліцца, а розум мой бяз плоду.
 

Дык што? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
 

Бо калі ты будзеш дабраслаўляць духам, як той, хто стаіць на месцы [чалавека] простага, скажа «Амэн» на тваю падзяку, бо ён ня ведае, што ты гаворыш.
 

Бо ты добра дзякуеш, але іншы не збудоўваецца.
 

Дзякую Богу майму, больш за ўсіх вас гаворачы мовамі,
 

але ў царкве хачу лепш сказаць пяць словаў розумам маім, каб і другіх навучыць, чым дзясяткі тысячаў словаў на [незнаёмай] мове.
 

Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам; на благое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце дасканалымі.
 

У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад».
 

Так што мовы ёсьць на знак не для тых, якія вераць, але для бязьверных; а прароцтва не для бязьверных, але для тых, якія вераць.
 

Дык калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць да вас [людзі] простыя ці бязьверныя, ці ня скажуць яны, што вы вар’яцееце?
 

А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе нейкі чалавек бязьверны ці просты, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
 

і гэтак таямніцы сэрца ягонага выяўляюцца, і ён, упаўшы на аблічча, паклоніцца Богу, паведамляючы: «Праўдзіва, з вамі Бог!»
 

Дык што, браты? Калі вы зыходзіцеся, кожны з вас мае псальм, мае навучаньне, мае [незнаёмую] мову, мае адкрыцьцё, мае тлумачэньне; усё няхай будзе на збудаваньне.
 

Калі хто гаворыць [незнаёмай] моваю, [гаварыце] па двое ці, найбольш, па трое, і па чарзе, і адзін няхай тлумачыць.
 

А калі няма тлумача, няхай маўчыць у царкве, а гаворыць сабе і Богу.
 

І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважаюць.
 

А калі іншаму з тых, якія сядзяць, [нешта] адкрыецца, першы няхай маўчыць.
 

Бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе былі навучаныя і ўсе былі суцешаныя.
 

І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
 

бо Бог ня ёсьць [Бог] бязладзьдзя, але супакою, як у-ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
 

Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб былі паслухмяныя, як і Закон кажа.
 

А калі хочуць нечаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчынам гаварыць у царкве.
 

Ці ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас адных прыйшло?
 

Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае, што тое, што я пішу вам, ёсьць прыказаньні Госпадавы.
 

А калі хто ня разумее, няхай ня разумее.
 

Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць, і не забараняйце гаварыць мовамі.
 

Усё няхай будзе прыстойна і парадкам.