Быццё 22 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася пасьля гэтых падзеяў, і Бог выспрабоўваў Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» І ён сказаў: «Вось я!»
І было, пасьля гэтых падзей Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: Абрагаме! Ён сказаў: вось я.
І сказаў [Бог]: «Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя, і там складзі яго ў ахвяру цэласпаленьня на адной гары, пра якую Я скажу табе».
Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.
І ўстаў Абрагам рана раніцаю, і асядлаў асла свайго, узяў двух юнакоў сваіх з сабою і Ісаака, сына свайго, і насек дроваў на цэласпаленьне, і ўстаў, і пайшоў на месца, пра якое сказаў яму Бог.
Абрагам устаў з самага рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух падлеткаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на цэласпаленьне і ўстаўшы пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.
На трэці дзень узьняў Абрагам вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
На трэці дзень Абрагам узьвёў вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
І сказаў Абрагам юнакам сваім: «Застаньцеся тут з аслом, а мы з хлопцам пойдзем аж туды, і паклонімся, і вернемся да вас».
І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас.
І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне, і ўзлажыў на Ісаака, сына свайго; і ўзяў у рукі агонь і вялікі нож, і пайшлі абодва разам.
І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне і паклаў на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.
І сказаў Ісаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой!» Той сказаў: «Вось я, сыне мой». Ён сказаў: «Вось агонь і дровы, а дзе ягня на цэласпаленьне?»
І пачаў Ісаак гаварыць Абрагаму, бацьку свайму, і сказаў: бацька мой! Ён адказаў: вось я, сыне мой. Ён сказаў: вось агонь і дровы, дзе ж ягня на цэласпаленьне?
І сказаў Абрагам: «Бог угледзіць Сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой». І ішлі абодва разам.
Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам
І прыйшлі на месца, пра якое казаў яму Бог; і збудаваў там Абрагам ахвярнік, і разлажыў дровы, і зьвязаў Ісаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярнік зьверху на дровы.
і прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў.
І выцягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў вялікі нож, каб закалоць сына свайго.
І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.
І паклікаў яго анёл ГОСПАДА з неба, і сказаў: «Абрагаме! Абрагаме!» Той сказаў: «Вось я!»
Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я.
І сказаў [Госпад]: «Не выцягвай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў дзеля Мяне сына твайго, адзінага твайго».
Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне.
І ўзьняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў, і вось, баран ззаду, увязаны ў хмызах рагамі сваімі. І пайшоў Абрагам, і ўзяў барана, і ахвяраваў яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
І назваў Абрагам імя месца гэтага: «ГОСПАД угледзіць». Дзеля гэтага і цяпер кажуць: «На гары ГОСПАД дасьць угледзець».
І даў Абрагам назву месцу таму: Ягова-ірэ. Таму і сёньня гаворыцца: на гары Яговы ўгледзіцца.
І паклікаў анёл ГОСПАДА Абрагама другі раз з неба,
І другі раз заклікаў анёл Гасподні зь неба
і сказаў: «На Сябе Самога прысягаю, кажа ГОСПАД, за тое, што ты гэта зрабіў, і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,
і сказаў: Сабою прысягаю, кажа Гасподзь, што так, як ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,
дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу насеньне тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора; і ўспадкаеміць насеньне тваё брамы ворагаў сваіх.
дык Я дабраслаўляючы дабраслаўлю цябе і множачы памножу семя тваё гарадамі ворагаў сваіх;
І будуць дабраслаўлёныя ў насеньні тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго».
і дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаўся голасу Майго.
І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўсталі, і пайшлі разам да Бээр-Шэвы. І жыў Абрагам у Бээр-Шэве.
І вярнуўся Абрагам да хлопчыкаў сваіх, і ўсталі і пайшлі разам у Вірсавію; і жыў Абрагам у Вірсавіі.
І сталася пасьля гэтых падзеяў, паведамілі Абрагаму, кажучы: «Вось, нарадзіла таксама Мілька сыноў Нахору, брату твайму:
Пасьля гэтых падзей Абрагаму абвясьцілі, сказаўшы: вось, і Мілка нарадзіла Нахору, брату твайму, сыноў:
Уца, першароднага ягонага, і Буза, брата ягонага, і Кемуэля, бацьку Арама,
Уца, першынца ягонага, Вуза, брата гэтаму, Кемуіла, бацьку Арамавага,
і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Ідлафа, і Бэтуэля».
Кесэда, Хазо, Пілдаша, Ідлафа і Ватуіла;
А Бэтуэль нарадзіў Рэбэку. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
ад Ватуіла нарадзілася Рэбэка. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагамаваму;
І наложніца ягоная, імя якой Рэўма, нарадзіла таксама Тэваха, і Гахама, і Тахаша, і Маху.
і наложніца ягоная, якую звалі Рэума, таксама нарадзіла Тэваха, Гахама, Тахаша і Мааху.