Быццё 29 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу.
 
І ўстаў Якаў і пайшоў у зямлю сыноў усходу.

І ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні гэтай паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні.
 
І ўгледзеў: вось, на полі калодзеж, і там тры статкі дробнага быдла, якія ляжалі каля яго таму, што з таго калодзежа паілі статкі. Над вусьцем калодзежа быў вялікі камень.

І зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечак, і зноў вярталі камень на месца сваё.
 
Калі зьбіраліся туды ўсе статкі, адвальвалі камень ад вусьця калодзежа і паілі авечкі; пасьля зноў клалі камень на сваё месца, на вусьце калодзежа.

І сказаў ім Якуб: «Браты мае, адкуль вы?» І яны сказалі: «Мы з Харану».
 
Якаў сказаў ім: братове мае, адкуль вы? Яны сказалі: мы з Харана.

І ён сказаў ім: «Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?» І яны сказалі: «Ведаем».
 
Ён сказаў ім: ці ведаеце вы Лавана, сына Нахоравага? Яны сказалі: ведаем.

І ён сказаў ім: «Ці добра ён маецца?» І яны сказалі: «Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі».
 
Ён яшчэ сказаў ім: ці здаровіцца яму? Яны сказалі: здаровіцца; і вось, Рахіль, дачка ягоная, ідзе з авечкамі.

І ён сказаў: «Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечак, і ідзіце, і пасьвіце».
 
І сказаў: вось, дня яшчэ многа; ня час зьбіраць быдла; напаеце авечак і ідзеце, пасеце.

А яны сказалі: «Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечак».
 
Яны сказалі: ня можам, пакуль не зьбяруцца ўсе статкі, і не адваляць каменя ад вусьця калодзежа; тады будзем мы паіць авечкі.

Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх].
 
Яшчэ ён гаварыў зь імі, як прыйшла Рахіль з дробным быдлам бацькі свайго, бо яна пасьвіла.

І сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечак Лявана, брата маці сваёй.
 
Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй.

І пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў.
 
І пацалаваў Якаў Рахіль і ўзвысіў голас свой і заплакаў.

І распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. І яна пабегла, і распавяла бацьку свайму.
 
І сказаў Якаў Рахілі, што ён родзіч бацьку яе і што ён сын Рэбэкі. А яна пабегла і сказала бацьку свайму.

І сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі.
 
Лаван, пачуўшы пра Якава, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў яго, і ўвёў яго ў дом свой; і ён расказаў Лавану ўсё гэта.

І сказаў яму Ляван: «Вось, ты — костка мая і цела маё». І жыў у яго цэлы месяц.
 
А Лаван сказаў яму: сапраўды ты косьць мая і плоць мая. І жыў у яго Якаў цэлы месяц.

І сказаў Ляван Якубу: «Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?»
 
І Лаван сказаў Якаву: няўжо ты дарма будзеш служыць мне, бо ты родзіч? скажы мне, чым заплаціць табе?

А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшай — Лея, а імя малодшай — Рахель.
 
А ў Лавана было дзьве дачкі, імя старэйшай: Лія; імя малодшай Рахіль.

Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам.
 
Лія была слабая вачыма, а Рахіль была прыгожая станам і прыгожая тварам.

І пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: «Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую».
 
Якаў пакахаў Рахіль і сказаў: я буду служыць табе сем гадоў за Рахіль, малодшую дачку тваю.

І сказаў Ляван: «Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною».
 
Лаван сказаў: лепш мне аддаць яе за цябе, чым аддаць яе за каго іншага; жыві ў мяне.

І служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
 
І служыў Якаў за Рахіль сем гадоў; і яны здаліся яму як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.

І сказаў Якуб Лявану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе».
 
І сказаў Якаў Лавану: дай жонку маю, бо мне ўжо час прысьпеў, каб увайсьці да яе.

І сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну.
 
Лаван склікаў усіх людзей таго месца і зладзіў гасьціну.

І быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе.
 
А ўвечары ўзяў Лаван дачку сваю Лію і ўвёў яе да яго; і ўвайшоў да яе Якаў.

І даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
 
І даў Лаван служанку сваю Зэлфу за служанку дачцэ сваёй Ліі.

І сталася раніцаю, што [ўбачыў Якуб], вось, гэта Лея. І сказаў [Якуб] Лявану: «Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?»
 
А раніцай выявілася, што гэта Лія. І Якаў сказаў Лавану: што гэта зрабіў ты са мною? ці ж не за Рахіль я служыў у цябе? навошта ты ашукаў мяне?

І сказаў Ляван: «Ня робіцца так у мясцовасьці нашай, каб малодшую выдаваць перад старэйшай.
 
Лаван сказаў: у нашым месцы так ня робяць, каб малодшую выдаваць раней за старэйшую;

Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў».
 
закончы тыдзень гэтай; потым дамо табе і тую за службу, якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем гадоў.

І зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. І [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку.
 
Якаў так і зрабіў і закончыў тыдзень гэтай. І даў Рахіль, дачку сваю, яму за жонку.

І даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе.
 
І даў Лаван служанку сваю Валу за служанку дачцэ сваёй Рахілі.

І ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў.
 
Якаў увайшоў і да Рахілі, і кахаў Рахіль болей, чым Лію; і служыў у яго яшчэ сем гадоў.

І бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная.
 
Гасподзь угледзеў, што Лія была нелюбка, і адчыніў нутробу яе, а Рахіль была няплодная.

І зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: «Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой».
 
Лія зачала і нарадзіла сына, і дала яму імя: Рувім, бо сказала: Гасподзь угледзеў маё гароцтва; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой.

І зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]». І назвала імя ягонае Сымон.
 
І зачала зноў і нарадзіла сына, і сказала: Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага. І дала яму імя: Сымон.

І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». І таму назвала імя ягонае Левій.
 
І зачала яшчэ і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў. Таму і дадзена яму імя: Левій.

І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА». І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць.
 
І яшчэ зачала і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер я праслаўлю Госпада. Таму дала яму імя: Юда. І перастала радзіць.