Быццё 32 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. І сустрэлі яго анёлы Божыя.
 
І Якаў пайшоў дарогай сваёю. І сустрэлі яго анёлы Божыя.

І сказаў Якуб, убачыўшы іх: «Гэта табар Божы». І назваў імя месца таго Маханаім.
 
Якаў, убачыўшы іх, сказаў: гэта рушэньне Божае. І даў імя месцу таму: Маханаім.

І паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Эдому.
 
І паслаў Якаў перад сабою пасланцоў да брата свайго Ісава ў зямлю Сэір, у вобласьць Эдом,

І загадаў ім, кажучы: «Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб. У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль.
 
і загадаў ім, сказаўшы: так скажэце гаспадару майму Ісаву: вось, што кажа раб твой Якаў: я жыў у Лавана і пражыў дагэтуль;

І сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”».
 
і ёсьць у мяне валы і аслы і дробнае быдла, і рабы і рабыні; і я паслаў абвясьціць пра сябе гаспадару майму, каб знайсьці ўпадабаньне перад вачыма тваімі.

І вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: «Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім».
 
І вярнуліся пасланцы да Якава і сказалі: мы хадзілі да брата твайго Ісава; ён ідзе напярэймы табе, і зь ім чатырыста чалавек.

І спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары,
 
Якаў вельмі спалохаўся і сумеўся; і падзяліў людзей, якія былі зь ім, і быдла дробнае і буйное і вярблюдаў, на два табары.

І сказаў: «Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, уцячэ».
 
І сказаў: калі Ісаў нападзе на адзін табар і паб’е яго, дык другі табар можа ўратавацца.

І сказаў Якуб: «Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”.
 
І сказаў Якаў: Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, Госпадзе, Які сказаў мне: вярніся ў зямлю тваю, на радзіму тваю, і Я буду дабрачыніць табе!

Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі.
 
Няварты я ўсіх ласкаў і ўсіх дабрачынстваў, якія ты ўчыніў рабу Твайму; бо я з кіем маім перайшоў гэты Ярдан, а цяпер у мяне два табары.

Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі.
 
Збаві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава; бо я баюся яго, каб ён прыйшоўшы не забіў мяне і маці зь дзецьмі.

Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства [яго]”».
 
Ты сказаў: Я буду чыніць добрае табе і зраблю нашчадкаў тваіх як пясок марскі, якога не палічыць ад мноства.

І начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго:
 
І начаваў там Якаў тае ночы. І ўзяў з таго, што ў яго было, у дарунак Ісаву, брату свайму:

козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць,
 
дзьвесьце коз, дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак, дваццаць бараноў,

вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнімі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць.
 
трыццаць вярблюдзіц дойных з жарабятамі іхнімі, сорак кароў, дзесяць валоў, дваццаць асьліц, дзесяць аслоў.

І даў у рукі слугам сваім кожную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Ідзіце перада мною і трымайце адлегласьць паміж чарадой і чарадой».
 
І даў у рукі рабам сваім кожны статак асобна і сказаў рабам сваім: ідзеце перад мною і пакідайце адлегласьць ад статку да статку.

І загадаў першаму, кажучы: «Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?",
 
І загадаў першаму, сказаўшы: калі брат мой Ісаў сустрэнецца табе і спытае ў цябе, кажучы: чый ты? і куды ідзеш? і чый гэта статак перад табою?

ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву І вось, таксама ён [ідзе] за намі”».
 
дык скажы: раба твайго Якава: гэта дарунак, пасланы гаспадару майму Ісаву; вось, і сам ён за намі.

І загадаў тое самае другому, і трэцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: «Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго,
 
Тое самае загадаў ён і другому, і трэцяму, і ўсім, што ішлі за статкамі, кажучы: так скажэце Ісаву, калі сустрэнеце яго;

і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб [ідзе] за намі”». Бо ён казаў: «Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзе перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё».
 
і скажэце: вось, і раб твой Якаў за намі. Бо ён сказаў сам сабе: умілажалю яго дарункамі, якія ідуць перад мною, і пасьля ўбачу твар ягоны; магчыма, і прыме мяне.

І перайшоў [ручай] дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары.
 
І пайшлі дарункі перад ім, а ён у тую ноч начаваў у табары.

І ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок.
 
І ўстаў у тую ноч і, узяўшы дзьвюх жонак сваіх і дзьвюх рабыняў сваіх і адзінаццаць сыноў сваіх, перайшоў празь Явок бродам;

І ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго.
 
і ўзяўшы іх, перавёў праз паток, і перавёў усё, што ў яго было.

І застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы.
 
І застаўся Якаў адзін. І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара;

І Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім,
 
і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім.

і сказаў: «Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца». І сказаў [Якуб]: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
 
І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне.

І Ён сказаў яму: «Якое імя тваё?» А ён сказаў: «Якуб».
 
І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў.

І сказаў: «Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог».
 
І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш.

І спытаўся Якуб, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Тваё». І Ён сказаў: «Навошта ты пытаешся імя Маё?» І дабраславіў яго там.
 
Спытаўся і Якаў, кажучы: скажы імя Тваё. І ён сказаў: навошта ты пытаешся пра імя Маё? І дабраславіў яго там.

І назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо [казаў]: «Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая».
 
І даў Якаў імя месцу таму: Пэнуэль; бо казаў ён, я бачыў Бога твар у твар, і захавалася душа мая.

І ўзыйшло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё.
 
І ўзышло сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль; і кульгаў ён на сьцягно сваё.

Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы.
 
Таму і да сёньня сыны Ізраіля не ядуць жылаў, якія на суглобе сьцягна, бо Змагар дакрануўся да жылы на суглобе сьцягна ў Якава.