Быццё 39 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А Язэп быў заведзены ў Эгіпет, і купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якія завялі яго туды.
 
А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.

І быў ГОСПАД з Язэпам, і стаўся ён чалавекам, які мае посьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Эгіпцяніна.
 
І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.

І бачыў гаспадар ягоны, што ГОСПАД з ім, і ўсяму, што ён робіць, ГОСПАД дае посьпех у руках ягоных.
 
І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.

І знайшоў Язэп ласку ў вачах ягоных, і служыў яму, і ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў у рукі ягоныя.
 
І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.

І сталася, што ад таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, ГОСПАД дабраславіў дом Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне ГОСПАДА на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
 
І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.

І аддаў ён усё, што меў, у рукі Язэпа; і ня рупіўся ні пра што, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп меў зграбную постаць і прывабны выгляд.
 
І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.

І сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною».
 
І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.

Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю.
 
Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нішто ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;

Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога».
 
няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу прад Богам?

І сталася, што яна зьвярталася да Язэпа штодня, а ён ня слухаў яе, каб легчы каля яе, і быць з ёю.
 
Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,

І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у дом рабіць працу сваю, і нікога з людзей дому не было ў доме.
 
сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;

І яна схапіла яго за адзеньне ягонае, кажучы: «Ляж са мною». Але ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай, і ўцёк, і выйшаў навонкі.
 
яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.

І сталася, калі яна ўбачыла, што ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай і выбег навонкі,
 
А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,

яна паклікала людзей дому свайго, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, прывялі да нас Гебрая, каб ён сваволіў у нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, і я закрычала голасам вялікім.
 
клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,

І сталася, калі ён пачуў, што я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне, і ўцёк, і выйшаў навонкі».
 
І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопратку сваю, і пабег, і выбег прэч.

І пакінула адзеньне ягонае ў сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.
 
І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.

І гаварыла з ім гэткімі словамі, кажучы: «Прыйшоў да мяне гэты нявольнік Гебрай, якога ты прывёў да нас, каб сваволіць са мною.
 
І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;

І сталася, калі я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне і ўцёк навонкі».
 
але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.

І сталася, што пачуў гаспадар ягоны словы жонкі сваёй, якія яна гаварыла яму, кажучы: «Гэткую рэч учыніў мне нявольнік твой!», і ўзгарэўся гнеў ягоны.
 
Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой, — дык запалаў гневам;

І ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і кінуў яго ў вязьніцу, месца, дзе былі ўвязьнены вязьні валадара. І быў ён там у вязьніцы.
 
і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.

І быў ГОСПАД з Язэпам, і зьявіў да яго міласэрнасьць, і даў ласку яму ў вачах начальніка вязьніцы.
 
І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.

І аддаў начальнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў вязьніцы, і ўсё, што там рабілі, ён рабіў.
 
І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.

Не пільнаваў начальнік вязьніцы нічога, што было ў руках ягоных, бо ГОСПАД быў з ім, і ў тым, што ён рабіў, ГОСПАД даваў посьпех.
 
Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.